З катом, трактарам і бульбаю.
Студыя расейскага дызайнеру Арцемія Лебедзева папрацавала над новым гербам для Беларусі. У ім сабраныя бадай што галоўныя стэрэатыпы аб нашай краіне: валошкі, бульба і трактары. Жывёльным сімвалам Беларусі студыя вырашыла зрабіць ката.
«Хочацца, каб было крута? Надакучыла нудота? Сімвал міру і ўтульнасці – размясціць у гербе ката», – так апісваецца новы герб.
Выраб гербу заняў 44 дні.
Гарадзенскія дызайнеры са студыі MEGA аператыўна адрэагавалі на пераасэнсаванне беларускага гербу і зрабілі ў адказ герб Расеі: з мядзведзем, гарэлкаю, танкамі і балалайкаю.
«У гэтым варыянце сабраныя ўсе стэрэатыпы замежнікаў аб Расеі, па сутнасці аналогія цёплага «лямпавага» уяўлення Студыі Лебедзева аб Беларусі, толькі ў зваротным выкананні», – патлумачылі ў MEGA для гарадзенскага парталу s13.ru.
Каб зрабіць новую версію гербу Расеі ў гарадзенцаў сышло крыху болей за гадзіну.
Сёлета паведамлялася, што беларускі герб сапраўды будзе змяняцца. Яго зробяць больш міралюбным, каб герб лепей успрымаўся на міжнароднай арэне. Аднак дакладныя тэрміны замены яшчэ невядомыя.
КТ belsat.eu