Пад Берасцем хочуць пабудаваць акумулятарны завод – нягледзячы на пратэсты мясцовых жыхароў. Жыхары пасёлку Стымава даслалі ў рэдакцыю Belsat.eu дзіцячыя малюнкі з выявамі «страшнага суседа».
Жыхары вёскі Хабы ды пасёлку Стымава пад Берасцем пратэстуюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу, які плануюць размясціць усяго ў некалькіх кіламетрах ад абласнога цэнтру. Вяскоўцы і эколагі б’юць трывогу, а чыноўнікі запэўніваюць, што новая вытворчасць дасць хлеб амаль як двумстам семʼям.
Гэтак дзеці з пасёлку Стымава ўяўляюць працу акумулятарнага заводу
Берасцейцы мяркуюць, што акумулятарны завод «iPower», які паўстае ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце», будзе шкодным для здароўя мясцовых жыхароў. У панядзелак увечары ўлады сустрэнуцца з жыхарамі, каб абмеркаваць пабудову заводу.
«Шкоду здароўю баімся больш за ўсё – бо гэтыя шкодныя выкіды маюць уласцівасць не адразу праяўляцца, а назапашвацца ў арганізме», – сказаў адзін з жыхароў Хабаў «Белсату».
Аднак завод акумулятараў – не адзіны, які кампанія Віктара Лемяшэўскага плануе пабудаваць на гэтым месцы. У перспектыве ў «iPower» ёсць планы ва ўзвядзенні вытворчасці цягавых і індустрыяльных батарэяў для падлогавага транспарту і крыніцаў бесперабойнага харчавання.
СА, belsat.eu