Станіслаў Шушкевіч: Ельцын – канцэнтрат годнасці і чалавечнасці, а Пуцін – зусім наадварот


У Екацярынбургу адкрыўся «Ельцын-цэнтр» – мемарыял памяці палітыка. На адкрыцці комплексу нашу краіну прадставіў першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч. У інтэрвю belsat.eu палітык узгадвае Барыса Ельцына, ягоныя дачыненні з Беларуссю і Лукашэнкам, а таксама праводзіць паралелі паміж першым і цяперашнім прэзідэнтамі Расеі.

Цэнтр за мільярд?

– На дакрыцці ў Екацярынбургу Беларусь прадстаўлялі Вы. Лукашэнку ў «Ельцын-Цэнтр» не запрашалі?

– Ходзяць чуткі, што запрашалі, але я пра гэта не ведаю. З тых, каго запрашалі, і каго не было – гэта Юшчанка і Краўчук. Ад Украіны быў Кучма з жонкай.

– Чаму ў 2007 годзе на пахаванні Ельцына ад Беларусі наагул нікога не было?

– Я вельмі хацеў туды паехаць, і звязаўся з Мурашовым, які быў кіраўніком маскоўскай міліцыі ў свой час. Я спытаў, як я магу быць там бліжэй да цела? Ён сказаў, што гэта немагчыма – толькі па афіцыйных дзяржаўных каналах. Па нашых дзяржаўных каналах я гэтага рэалізаваць не мог. А чаму не было афіцыйных прадстаўнікоў нашага высокашаноўнай кімсьці дзяржавы…

– Што гэта ўвогуле за цэнтр?

– Той, хто бываў, напрыклад, у Штатах, або ў некаторых іншых краінах, ведае, што звычайна бывае нейкі мемарыял, прысвечаны прэзідэнту. У ЗША шмат такіх цэнтраў – напрыклад, цэнтр Вудра Вільсана, і там сабрана ўсё, звязанае з ім: праводзяць розныя даследаванні, ёсць бібліятэка, працоўныя залы. У Баку нядаўна адкрылі цэнтр, прысвечаны Гейдару Аліеву. Таму, у Расеі было вырашана стварыць такі цэнтр на радзіме Ельцына, у Екацярынбургу, дзе ён быў першым сакратаром абкама.

– Хто фінансаваў стварэнне такога цэнтру?

– Знайшлося шмат спонсараў. Іх спіс змешчаны ў гэтым цэнтры, і пачынаецца ён з Хадаркоўскага, які ўклаў больш за ўсё грошай, а дзесьці на апошніх месцах, напрыклад, Дзмітрый Мядзведзеў. Гэты цэнтр зроблены на базе сучасных тэхналогіяў, і там можна разабрацца, кім быў Ельцын, што ён зрабіў, і можна працягнуць гэтыя гістарычныя даследаванні. Ёсць там выставы, галерэі, навучальныя памяшканні – гэта дазволіць сфармаваць грамадскую думку ў Расеі на тэму «кім быў Ельцын?»

На адкрыцці вельмі добра сказаў Чубайс: «Звычайна ў Расеі прынята ва ўсім вінаваціць папярэднюю ўладу, але вось з’явіўся цэнтр, які распавядае пра заслугі папярэдняга прэзідэнта

– А ўрад садзейнічаў?

– У тым спісе былі толькі прыватныя асобы. Думаю, садзейнічала – цэнтр адкрываў Пуцін, потым выступаў Мядзведзеў. Паказалі зацікаўленнасць у існаванні такога цэнтру.

– Вы сказалі, што ў гэтым цэнтры няма ні аднаго ўспаміну пра Лукашэнку – з чым гэта звязана?

– Цэнтр настолькі вялікі і разнастайны, што я мог і не заўважыць. Мы аглядалі ўсё самае галоўнае, што кідаецца ў вочы, куды завялі гіды, і там я гэтага не бачыў. Быў таксама вельмі здзіўлены тым, што там я знайшоў кампютэрнае 3D-мадэль ўласнай персоны, і тым, як гэта выдатна зроблена.

«Ельцын быў першым кіраўніком Расеі з 1704 г., які прызнаў незалежнасць Беларусі»

– На мінулым тыдні ў Беларусі ўспаміналі рэферэндум-96 – а якая роля Ельцына ў тых падзеях?

– Няма там ніякай ельцынскай ролі. Рэферэндум 1996 года – гэта выхадкі Лукашэнкі з тым, каб парушыць Канстытуцыю і стаць дыктатарам. У Ельцына не было часу для таго, каб займацца справамі Беларусі. Беларусь стала незалежнай дзяржавай, да гэтага спрычыніўся Ельцын і далей ён лічыў, што гэтыя пытанні трэба вырашаць унутры Беларусі. І ў нас знайшоўся антыбеларускі чалавек. А Ельцына я лічу да гэтых справаў недатычным.

– Як цяпер у Расеі ацэньваюць ельцынскі час?

– Я лічу, што больш правільнага, станоўчага і дэмакратычнага прэзідэнта ў Расеі не было, і наўрад ці будзе. Ельцын быў шчырым, імкнуўся да сапраўднага рэфармавання Расеі, паважаў суседзяў – я яму ўдзячны за подпіс Белавежскага пагаднення, якое прызнала Беларус як незалежную дзяржаву. А яго апошнія словы: «Беражыце Расею», мне здаецца, паказваюць, кім ён быў.

Але ёсць вельмі шмат нядобразычліўцаў, якія вельмі добра выкарыстоўваюць тыя моманты, калі Ельцыну даводзілася прымаць нетрывіяльныя рашэнні. Напрыклад, у 1996 годзе ў Ельцына былі вельмі малыя шанцы на перавыбранне. Ён лічыў, што зможа мацней прыціснуць камуністаў, і што гэта будзе лепш, чым іх прыход да ўлады. І ён пайшоў на небяспечную прыватызацыю, якая дазваляе распараджацца алігархам. Але на яго думку гэта было лепш, чым калі б разгуляліся камуністы.

Нехта прыпісвае яму, што ён бываў п’яны, бываў несвядомы – так, гэта так, я быў сведкам. Але ніколі ў такіх выпадках ён не змяняў свайго рашэння, і я быў таксама сведкам гэтага.

– Сёння ў Беларусі шмат гаворыцца пра тое, што расейскі ўрад мае віды на Беларусь як на частку нейкай сваёй імперыі – якім у гэтым плане быў Ельцын?

– Ельцын падпісаў Белавежскае пагадненне аб стварэнні Садружнасці незалежных дзяржаў. Упершыню з 1794 кіраўнік Расеі прызнаў незалежнасць Беларусі.

– А Пуцін не прызнае?

– Пуцін маніпулюе Лукашэнкам як хоча, паколькі ён падтрымлівае Лукашэнку цэнамі на нафту, на газ, і іншымі – ён проста мае свайго сатрапа, які пры неабходнасці выканае любы яго загад.

– Што Ельцын казаў пра Лукашэнку?

– Быў такі выпадак. У 96-м ці 95-м я сустрэўся з кіраўніком адміністрацыі Ельцына Чубайсам. Я яму кажу, што Лукашэнка так нядобразычліва, так непрыгожа адклікаецца пра Ельцына, што ён ужо стары, ні да чаго не прыгодны, як вы гэта церпіце? Ён адказвае, маўляў, вельмі проста, у нас няма часу разбірацца па сутнасці – мы сказалі Барысу Мікалаевічу, што ён цар, і хай не звяртае ўвагі на выхадкі правадыра дробнага племені.

«Дакладнасць – годнасць прэзідэнтаў, і ў Пуціна гэтага няма»

– Кажуць, што ў тыя гады Лукашэнка хацеў узначаліць Саюзную дзяржаву…

– Смага ўлады ў яго заўсёды была. Ён ездзіў па рэгіёнах, прыкідваўся станоўчым чалавекам. Была паклёпніцкая кампанія Лукашэнкі, калі ён заявіў што ўсе ворагі Расіі – і ён адзін сябар. Была кампанія разам з прэм’ер-міністрам Расеі, калі там у Смаленскай вобласці нехта ўначы ўкапаў памежны слуп, а яны яго выкапалі. Гэта быў цырк, канец свету і агітка.

– У параўнанні з Пуціным, якім быў Ельцын?

– Я нават раўняць не хачу – гэта абсалютна розныя людзі. Ельцын для мяне канцэнтрат годнасці, чалавечнасці і справядлівасці, а Пуцін – зусім наадварот. Так хлусіць, як хлусіць Пуцін, і пра Крым, і пра сепаратыстаў. Ельцын не хлусіў, а тым больш, публічна. Нават само адкрыццё мемарыяла кажа за сябе, калі Пуцін спазніўся на паўтары гадзіны. А там людзі сабраліся з усёй Расеі, з усяго свету. Годнасць прэзідэнтаў і каралёў – дакладнасць, чаго ў Пуціна няма.

Яўген Балінскі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары