Суд вярнуў пракурорам справу Паўла Грыба, выкрадзенага з Беларусі


Хлопца абвінавачваюць у падрыхтоўцы тэракту.

Сёння прайшло адкрытае судовае паседжанне. Справу па абвінавачванні Грыба ў садзейнічанні тэрарызму вярнулі з суда ў пракуратуру праз памылкі папярэдняга следства.

Украінская журналістка Ірына Ромалійская напісала ў Facebook, што Павел віну не прызнаў і заявіў пра шматлікія парушэнні падчас следства.

«У Растове зачыталі абвінаваўчы акт Паўлу Грыбу. Паводле абвінавачвання, ён схіляў (у размовах і ў перапісцы ў скайпе) расейскую школьніцу Таццяну Яршову зрабіць выбухоўку і падарваць яе на школьнай лінейцы. Дзяўчынка нібыта не любіла «настаўнікаў, вучняў і ўсіх расейцаў».

Паводле бацькі Паўла, у хлопца вялікія праблемы са здароўем – 3 ліпеня пасля этапу ў іншы следчы ізалятар яго моцна збілі зняволеныя. У Паўла пастаянныя галаўныя болі, агульная слабасць, неабходнай медычнай дапамогі ён не атрымлівае. Украінскіх лекараў да яго так і не дапусцілі.

Цягам больш 8 месяцаў, якія Павел знаходзіцца ў СІЗА, яму не далі аніводнага спаткання з маці. 3 ліпеня суд выдаў рашэнне пакінуць украінца пад вартай да 19 снежня, аднак сёння калегія вырашыла працягнуць тэрмін затрымання да 22 кастрычніка.

Павел Грыб знік 24 жніўня, паехаўшы на сустрэчу з дзяўчынай у Гомель. Пазней высветлілася, што яго ў Беларусі выкралі супрацоўнікі ФСБ.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў