Справу незалежнай журналісткі з Магілёва Аліны Скрабуновай закрылі (Абноўлена)


Суддзя Ленінскага раёну Магілёва Алена Волкава спыніла справу Аліны Скрабуновай, бо скончыўся тэрмін прыцягнення яе да адказнасці.

Журналістку вінавацілі ў парушэнні часткі 2 арт. 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі медыяў), падае Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Першыя судовыя пасяджэнні адбыліся 23 і 24 ліпеня, і абодва разы суддзя задавальняла хадайніцтвы журналісткі пра перанос слуханняў. Магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, які меў магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі справы, кажа пра шматлікія парушэнні, дапушчаныя ў афармленні дакументаў міліцыянтамі Ленінскага РАУС. Ён не выключае, што з гэтай прычыны суд і вырашыў «спусціць справу на тармазах», дачакаўшыся заканчэння тэрміну яе даўніны.

«Ніякай палёгкі я не адчуваю, – расказала Belsat.eu Аліна Скрабунова. – Улады могуць прыціснуць кожнага, каго захочуць, у тым ліку мяне ды іншых незалежных журналістаў. У дакументах справы было столькі шмат парушэнняў і недарэчнасцяў, што іх і так мусілі перарабіць. Суддзя ж палічыла патрэбным, відаць, дачакацца выгасання тэрміну, чымся кіраваць дакументы на дапрацаванне ў міліцыю».

Паводле незалежнай прадстаўніцы прэсы з Магілёва, у міліцыі перапісалі пратаколы допыту, прычым больш раннім чыслом, што сведчыць пра прамую фальсіфікацыю. У Аліны Скрабуновай было нават відэа з пастарунку, якое пасведчыла б, што дакументы былі пераробленыя, але суд не ўзяў гэтага пад увагу.

«Сярод дакументаў было шмат бязглуздзіцы. Напрыклад, міліцыянты напісалі, што злачынца – гэта аператар Яўген Глушакоў, а да адказнасці прыцягваецца – Аліна Скрабунова. Я разумею, што міліцыянты, пэўна, маюць такую канцылярскую форму, але дзе пры гэтым здаровы сэнс? Ці міліцыя дагэтуль не навучылася думаць і нармальна пісаць?», – адзначыла журналістка.

Далей яна збіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру на маёра Аляксандра Сініцкага, які курыраваў яе за справу і дапусціў столькі парушэнняў і нават падробку дакументаў.

Справу завялі на падставе сюжэту пра магілёўскі завод «Строммашына», што выйшаў на тэлеканале «Белсат» 26 траўня.

Агульная сума штрафаў журналістам паводле артыкулу 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў на сёння складае Br 133 млн 280 тыс. рублёў (больш за € 8 тыс).

У чаканні судоў знаходзіцца яшчэ шэраг журналістаў, на якіх складзеныя пратаколы па 22.9 КоАП: у прыватнасці, Алесь Ляўчук, Алесь Дзянісаў, Алесь Кіркевіч, Аліна Літвінчук, Ігар Барысаў, Таццяна Смоткіна.

МЯ, паводле baj.by

Стужка навінаў