Справа аб смерці Аляксандра Коржыча: двух сяржантаў з Печаў адправілі на гаўптвахту


Паводле неафіцыйных звестак, у рамках расследавання крымінальнай справы аб смерці 21-гадовага жаўнера тэрміновай службы Аляксандра Коржыча два сяржанта вайсковай частцы ў Пячах адпраўлены на гаўптвахту.

«Кажуць, што сяржантаў затрымалі – цяпер яны сядзяць на гаўптвахце», – распавёў belsat.eu сябра Коржыча Ілля Казубоўскі.

Учора ў Пінск прыехалі следчыя з Менску, дапытвалі сваякоў Аляксандра, забралі на экспертызу тэлефон і ноўтбук памерлага.

«Я не магу асабліва нічога казаць, бо знаходжуся пад падпіскай аб неразгалошванні, – адзначыў у размове з belsat.eu Сяргей – муж сястры Аляксандра Коржыча, – Але тая інфармацыя, якая гуляе па інтэрнэту (пра затрыманне сяржантаў – заўв. рэд.), у прынцыпе, адпавядае рэчаіснасці. Падазраваныя есць. Але пакуль не зразумела да канца, што гэта было – забойства і давядзенне да суіцыду. Следчыя кажуць, што да завяршэння ўсіх экспертыз па справе ніякай інфармацыі распаўсюджваць не будуць».

Некаторыя СМІ паведамлялі пра тое, што затрымалі таксама прапаршчыка з Печаў, але паводле «Нашай Нівы» ен знаходзіцца на волі.

У якім працэсуальным статусе знаходзяцца адпраўленыя на гаўптвахту сяржанты – не зразумела. Хутчэй за ўсе іх не затрымалі, а проста ізалявалі на час следства.

«Я мяркую, што сяржантаў верагодна адвезлі на Рагачоўскую (гаўптвахта менскай вайсковай камендатуры на вуліцы Рагачоўскай – belsat.eu), каб тыя не збеглі, ды каб следчым не трэба было да іх у Барысаў ездзіць, – кажа журналіст «Народнай волі» Раман Васюковіч, як сам праходзіў тэрміновую службу ў беларускім войску некалькі гадоў таму, – Наогул на гаўптвахту садзяць за парушэнне вайсковай дысцыпліны. Туды можна трапіць за п’янку, самаволку, дзерзкасць да афіцэраў… У прынцыпе за любую лухту! Натуральна, што за такое злачынства як у выпадку з Аляксандрам Коржычам зусім не на «губу» адпраўляюць».

21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Па факце смерці Аляксандра Коржыча Следчы камітэт Беларусі распачаў крымінальную справу па ч.3 арт. 443 КК (парушэнне ўстаўных правілаў узаемаадносінаў паміж вайскоўцамі пры адсутнасці стасункаў падначаленасці, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы). Такім чынам СК фактычна прызнае, што смерць хлопца звязаная з дзедаўшчынай.

Справа Коржыча выклікала вялікі рэзананс. На дадзены момант пад 9500 подпісаў сабрала анлайн-петыцыя з патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Андрэя Раўкова.

Міністэрствам абароны Беларусі сцвярджае, што для аб’ектыўнага і ўсебаковага расследавання абставінаў смерці Аляксандра Коржыча прыняты ўсе меры.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары