Сонечная электрастанцыя для дыпламата: як міністры становяцца шэфамі калгасаў


У беларускім урадзе чыноўнікам зноў раздалі праекты, над якімі яны будуць трымаць шэфства ў наступным годзе.

Прэм’еру – аўтамабілі, віцэ-прем’еру – мяса індзейкі, міністру інфармацыі – упакоўкі. Савет Міністраў абнавіў пералік інвестыцыйных праектаў, якія замацоўваюцца за айчыннымі чыноўнікамі. Такім чынам, на высокіх дзяржаўных функцыянераў ускладаецца персанальная адказнасыць за выкананне паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця нашае краіны.

«Гэта старая традыцыя расейскай імперыі – вотчына, старая традыцыя савецкая – партыйны кантроль. У нас былі верныя машэраўцы, Шэвелуха і Камай, па чарзе кіравалі сельскай гаспадаркай», – кажа эканаміст Міхал Залескі.

Першым у пераліку значыцца беларуска-кітайскі завод легкавікоў “БЕЛДЖЫ”. Для асобы, якая вызначала важнасць таго ці іншага праекту, гэтая інвестыцыя самая галоўная. Да 2015 года шэфства над ёй трымаў былы прэм’ер краіны – Міхаіл Мясніковіч, летась кантролю перадалі ягонаму пераемніку Андрэю Кабякову.

Такая ўвага заводу ніяк не дапамагла. Лакалізацыя, то бок ужыванне айчыных кампанентаў пры вытворчасці аўтамабіляў, з пачатку і да сёння застаецца на нулявым узроўні. Хоць яшчэ летась мусіла скласці 30 %, – мінімальны неабходны узровень, каб прадаваць гэтыя машыны на прасторы Мытнага саюзу.

«Вот камісараў прызначалі ў войскі, а гэта такія ж камісары лукашэнкаўскія. А камісар што можа стварыць? Ён можа крычаць: камсамольцы наперад – і ўсё», – лічыць Міхал Залескі.

Дзе яшчэ ў свеце міністру замежных справаў могуць даверыць нагляд за будаўніцтвам сонечнай электрастанцыі?
«Адказ просты: нідзе. Такога больш у свеце няма, як і няма нідзе дзяржаўных інвестыцыяў. Грошы дзяржаўныя, трацяць часта без плёну, вось і трэба больш кантралёраў», – адказвае Леў Марголін, былы дырэктар аднаго з першых у краіне супольных прадпрыемтсваў.

Жыццё ў такіх кантралёраў звычайна нялёгкае: абураны вынікамі працы прадпрыемстваў кіраўнік краіны не раз здымаў з пасады розных чыноўнікаў ды пагражаў ім следствам і кратамі. Але новых твараў у беларускай палітыцы няшмат, таму Лукашэнка зноў і зноў ставіць адных тых жа людзей на тыя ж самыя месцы.

Ігар Кулей

Стужка навінаў