Следчы камітэт арыштаваў кіраўніцтва IBA Group, якая ўваходзіць у топ-3 IT-кампаній Беларусі


Сілавікі маглі зацікавіцца кіраўнікамі адной з найстарэйшых фірмаў, якія займаюцца інфармацыйнымі тэхналогіямі, пасля нядаўняга затрымання менеджараў «Беларусбанку» праз «абналічкі і адкаты».

Прычынай стала ўхіленне ад падаткаў, піша tut.by.

Паводле крыніц парталу, у поле зроку праваахоўнікаў трапілі старшыня праўлення IBA Group, гендырэктар IBA Minsk Сяргей Ляўцееў і сябра праўлення, першы намеснік старшыні праўлення IBA Group, дырэктар па распрацоўцы ПЗ, гендырэктар IBA IT Park Сяргей Акуліч.

Суразмоўца tut.by сцвярджае, што Акуліча затрымалі тыдзень таму. Наконт Ляўцеева пакуль прыходзіць супярэчлівая інфармацыя, якая не дазваляе сцвярджаць, што ён знаходзіцца пад вартай.

«Сяргей Іванавіч [Акуліч] знаходзіцца на бальнічным. Сяргей Вадзімавіч [Ляўцееў] цяпер у адпачынку. Але перыядычна заходзіць у офіс. Нядаўна гуляў у тэніс», – сказалі ў прэс-службе IBA Group.

Акуліч недаступны па мабільным тэлефоне. Ляўцееў не адказаў на званок. Атрымаць каментар у прэс-службе КДБ і СК журналісты не змаглі.

На пачатку жніўня ў Менску затрымалі выканаўчага дырэктара «Беларусбанку» Анатоля Баговіка і гендырэктара Банкаўскага працэсінгавага цэнтру Генадзя Зубарава. Тады ў банку таксама паведамлялі, што яны сышлі ў «адпачынак».

IBA даўно аказвае паслугі па падтрымцы і рамонце абсталявання банкаўскай сістэмы «Беларусбанку».

ДР belsat.eu, фота – dev.by

Стужка навінаў