Чарговы вырак не на карысць незалежных медыяў. Глыбоцкі раённы суд аштрафаваў мясцовага журналіста Змітра Лупача на 25 базавых велічыняў.
На падставе матэрыялу, размешчанага на старонцы «Еўрарадыё», журналіста абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі медыяў.
Заўтра паводле таго ж артыкулу разгледзяць справу магілёўскай карэспандэнткі Аліны Скрабуновай. Яе будуць судзіць за матэрыял пра завод «Строммашына», які выйшаў на нашым тэлеканале ўвесну.
Абвінавачанні за супрацу з «Белсатам» на днях пачулі і гарадзенскія фрылансеры Алесь Кіркевіч ды Алесь Дзянісаў. Нагодаю стаў сюжэт пра выставу лялек.
Агульная сума штрафаў журналістам паводле арт. 22.9 КаАП («незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ») на сёння складае ўжо 133 млн 280 тыс. рублёў (больш за 8 тыс. еўра).