Ягады годжы, асаі ды каму-каму, фізаліс, кэроб, спіруліна. У модных часопісах пра здаровую ежу мы часта сустракаем інфармацыю пра мегакарысны гэтак званы суперфуд. Няма адзінага крытэру, што такое гэты суперфуд, але агулам яго можна апісаць так: ежа натуральнага паходжання, якая, як мяркуецца, мае надзвычайныя вартасці – вялікую колькасць антыаксідантаў, аграмадную колькасць вітамінаў і г. д.
Часта такія элементы выступаюць у камбінацыі, але іх напэўна больш, чым у звычайнай ежы. Але дзе гэты суперфуд набыць? Хоць некалькі такіх месцаў ёсць, але не кожнаму такая ежа па кішэні. Прапаноўваю сёння пазнаёміцца з нашым айчынным нічым не горшым суперфудам. Не ўсе пазіцыі лёгка даступныя, але варта пашукаць! І выйдзе танней.
БЕЛАРУСКІ СУПЕРФУД
1. Бярозавы сок, найлепей свежы і без цукру.
2. Крапіва ды іншыя зёлкі (напр., пясчанка, дзьмухавец).
3. Кіслая капуста і сок з яе.
4. Капуста кале.
5. Чарніцы ды журавіны.
6. Чорны бэз, чарнаплодныя рабіны, парэчкі, шыпшына.
7. Цыбуля і часнык.
8. Ільняное і канаплянае насенне.
9. Ільняны, рапсавы і канапляны нерафінаваны алей.
10. Чорны кмен (чарнушка).
11. Пятрушка.
12. Розныя кашы.
13. Ферментаваная ежа (яблычны воцат, ёгурты і кефіры).
14. Глог.
15. Абляпіха.
Цяпер вы пераканаліся, што гэтыя прадукты ведаеце вельмі добра. Іх спрадвеку выкарыстоўвалі ў кухні. Засілле харчоў з супермаркетаў выціснула гэтую скарбніцу здароўя з нашага рацыёну. Але да добрых рэчаў варта вяртацца.
Больш чытайце ў аўтарскай рубрыцы Аліны Коўшык «З коўшыка – у талерку» ў раздзеле «Аўтарскія праекты».