Саакашвілі – Белсату: Момант для захопу Беларусі Пуцін ужо прапусціў


Міхаіл Саакашвілі расказаў Аляксею Дзікавіцкаму, што для беларусаў самае важнае напярэдадні вучэнняў «Захад-2017».

– Вучэнні «Захад-2017» неяк пагражаюць Беларусі?

– Думаю, яны наўпрост пагражаюць Беларусі і рэгіёну. Думаю, Пуцін шукае чарговую авантуру – ён цяпер у тупіку. Ён думае, што Беларусь – слабае звяно, на яго думку, улада там цяпер слабая і можа пахіснуцца. І нават калі не пахіснецца, Лукашэнка ў мінулым часта здзіўляў сваёй жывучасцю – Пуціну гэта можа не падабацца: для яго, калі Беларусь будзе абапірацца не на Расею, а на кагосьці іншага – гэта не вельмі добра. З Лукашэнкам ці без – ён хацеў бы нешта зрабіць у Беларусі, аж да адмены беларускай незалежнасці і анексіі краіны.

 – Кажуць, што менскі фармат урэгулявання расейска-украінскага канфлікту – ініцыятыва Лукашэнкі. Ці гэта так на самай справе? Ці за гэтым стаіць Пуцін?

– Не ведаю, хто за ім стаіць. Але ведаю, што Лукашэнка асабіста тэлефанаваў усім удзельнікам гэтага фармату, групу ён збіраў сам. Таксама ведаю, што ён тэлефанаваў палякам і прыбалтам. Было б цікава, калі б яны таксама ўдзельнічалі.

– Менск не прызнаў незалежнасці Абхазіі і Паўночнай Асеціі. Як думаеце – чаму? Бо Маскве гэта было патрэбна.

– Тады быў момант, калі яму прапаноўвалі не проста $ 2 млрд (трэба сказаць, што ў Расеі тады быў эканамічны крызіс), але таксама пагражалі. Лукашэнка паступіў сыходзячы з інтарэсаў існавання Беларусі. Бо гэта не проста прызнанне неіснуючых тэрыторый, але адмова ад сур’ёзнай часткі легітымнасці беларускай дзяржавы. У гэтым пытанні ён абсалютна меў рацыю.

Для Пуціна гэта быў найбуйнейшы дыпламатычны правал. На Беларусь ён дакладна разлічваў, ўпэўнены, што яна ў яго ў кішэні. Думаю, гэта адное з тых пытанняў, якія Пуцін не забыў. І цяпер, у час вучэнняў, ён будзе намагацца, каб Беларусь заплаціла па рахунку.

– Вы пазітыўна адклікаліся пра Лукашэнку. Ці азначае гэта, што вы згодныя з яго палітыкай залежнасці ад Масквы?

– Думаю, яго палітыка складаней, чым проста палітыка залежнасці – там шмат нюансаў. Думаю, што калі б ён моцна залежаў ад Масквы, Расея даўно б выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну. Гэтага, аднак, не адбылося.

Сітуацыя Беларусі – вельмі складаная. Свабодзе беларускага народа няма альтэрнатывы, але беларусы цяпер у вельмі слабым стане, каб стаць часткай Еўропы. На дадзеным этапе найважнейшая задача – захаванне беларускай незалежнасці.

Думаю, што пасля вучэнняў большая частка войскаў і інфраструктуры застанецца – ня колькі для ўварвання ў Еўропу, колькі для анексіі Беларусі. Працуючы над будучым, мы павінны сканцэнтравацца над пераадоленнем гэтай пагрозы.

– А калі ваш сцэнар стане рэальнасцю, хтосьці на Захадзе гэтым занепакоіцца?

– У гэтым-та і справа, што Пуцін думае, што ніхто не занепакоіцца. Але на самой справе, момант ён ужо прапусціў. Лёс Беларусі на самай справе нікога ў свеце не хвалюе. Чыноўнікі ў Вашынгтоне пыталіся ў мяне, чаму яны павінны перажываць за Беларусь, і прызнаваліся, што чапляцца за недэмакратычную краіну, падтрымліваць яе – яны сапраўды не будуць.

Але паводзінамі Расеі Захад дакладна занепакоены. Ніякіх праблемаў не было б, калі б Пуцін зрабіў гэта два, тры ці пяць гадоў таму.

– Ці доўга можна лавіраваць паміж Расеяй і Захадам, як гэта робіць Аляксандр Лукашэнка?

– Пуцін ужо прымушае ня лавіраваць. Ён стаў настолькі нягнуткім і нахабным, што не пакідае поля для манеўру для сябе і іншых.

Гутарыў Аляксей Дзікавіцкі

Глядзі таксама
Каментары