Масква ў снежні 2017 году чарговы раз абвесціла пра сваю перамогу ў Сірыі, аднак як мінімум двойчы з таго часу расейскія вайскоўцы патрапілі пад удары баевікоў. Апошні раз, як паведаміла Мінабароны РФ, аэрадром атакавалі адразу 13 беспілотных лятальных апаратаў з бомбамі. Аднак афіцыйныя каментары Масквы здзіўляюць.
Спачатку на сірыйскіх акаўнтах з’явіліся фотаздымкі і інфармацыя пра атаку дронаў, абстрэл ракетамі і выбухі на аэрадроме Хмеймім.
Потым зʼявілася паведамленне, што адказнасць за атаку ўзялі на сябе алавіцкія апазіцыянеры. Згодна з гэтым паведамленнем, быў пашкоджаны ці знішчаны адзін самалёт, а таксама пашкоджаная ці знішчаная адна расейская сістэма супрацьпаветранай абароны С-400.
Два дні гэтая інфармацыя заставалася без афіцыйнага каментару. Але ўчора афіцыйны акаўнт Мінабароны РФ у Facebook знайшоў, што сказаць.
Opublikowany przez Минобороны России Poniedziałek, 8 stycznia 2018
Паводле версіі Мінабароны РФ, былі атакаваныя ноччу з 5 на 6 студзеня адразу дзве расейскія базы – аэрадром Хмеймім і ваенна-марская гавань у горадзе Тартус.
«З надыходам вечара расейскія сілы паветранай абароны заўважылі 13 неапазнаных лятучых цэляў невялікага памеру, якія з вялікай дыстанцыі падыходзілі да расейскіх вайсковых базаў. Дзесяць ударных дронаў ляцелі да базы Хмеймім, яшчэ тры – да кропкі забеспячэння ВМФ у Тартусе», – гаворыцца ў паведамленні.
Масква дадала, што сем беспілотнікаў былі збітыя супрацьпаветранымі комплексамі «Панцыр-С», а астатнія былі перахопленыя сістэмамі радыёэлектроннай барацьбы. Тры дроны з апошніх селі на зямлю і былі захопленыя адносна цэлымі, астатнія – выбухнулі пры пасадцы. Стратаў няма, заявілі ў Мінабароны РФ.
Беспілотнікі ляцелі з дальнасці больш за 50 км і наводзіліся па GPS, па меркаванні прэс-службы ўстановы: «Тэхнічныя рашэнні, якія былі выкарыстаныя тэрарыстамі… маглі быць атрыманыя з адной з краінаў з высокатэхналагічнымі магчымасцямі ў спадарожнікавай навігацыі і магчымасцю выдалена скідваць прафесіянальна сабраныя імправізаваныя выбуховыя прыстасаванні ў прызначаных каардынатах… Дроны самалётнага тыпу, якія належалі тэрарыстам, неслі выбуховыя прыстасаванні з дэтанатарамі замежнай вытворчасці».
Беспілотнікі маюць бараметрычныя датчыкі і сервапрывады кіравання рулямі вышыні.
На сваю бяду Мінабароны пры гэтым паказала толькі адзін «высокатэхналагічны беспілотнік», які адразу стаўся абʼектам жартаў і абурэння ў расейскім інтэрнэце.
Фотаздымкаў іншых беспілотнікаў ці іхных рэшткаў на зямлі ў раёне баз Мінабароны РФ не паказала.
«Расейскія базы не панеслі ніякіх стратаў у людзях ці тэхніцы», – кажа афіцыйная расейская версія.
Выказаўся і Пентагон, «высокія тэхналогіі» якога, верагодна, мела на ўвазе Мінабароны РФ. Амерыканцы звярнулі ўвагу на тое, што на фотках даволі кустарны апарат, які можна сабраць з тых камплектуючых, што свабодна прадаюцца амаль па ўсім свеце, хіба што за выключэннем КНДР.
«Гэтыя сістэмы шырока даступныя, іх лёгка кантраляваць, і яны безумоўна не патрабуюць значнай тэхнічнай падрыхтоўкі. Гэтыя сістэмы выкарыстоўваліся [баевікамі] для вядзенне выведкі і дастаўкі выбуховых прыстасаванняў», – заявіў супрацоўнік прэс-службы Пентагону маёр марской пяхоты Адрыян Рэнкін-Гэлоўэй у адказ на пытанне расейскага карэспандэнта.
Першы ўдар расейскі кантынгент у Сірыі атрымаў на самы Новы год – 31 снежня. Тады, як паведаміла газета «Коммерсант» са спасылкай на «вайскова-дыпламатычную крыніцу», галоўная расейская авіябаза ў гэтай краіне – аэрадром Хмеймім – была абстраляная з мінамётаў.
У выніку былі знішчаныя як мінімум сем дарагіх сучасных самалётаў – чатыры франтавыя бамбардыроўшчыкі Су-24, два шматмэтавых знішчальніка Су-35С і ваенна-транспартны самалёт Ан-72. Паведамлялася пра раненне больш за 10 вайскоўцаў. Міністэрства абароны Расеі не адмаўляла факт абстрэлу, аднак заявіла, што загінулі два жаўнеры, а вайсковая тэхніка не была пашкоджаная.
Уладзімір Пуцін у Хмейміме абвяшчае пра перамогу ў Сірыі. Крыніца kremlin.ru
3 студзеня ў 15 км ад той жа авіябазы па нявысветленай прычыне ўпаў на зямлю расейскі баявы верталёт Мі-24. Загінулі 2 пілоты, атрымаў раненні бартавы тэхнік. Верталёт мог несці да 8 чалавек дэсанта, аднак пра наяўнасць дэсанту і ягоныя магчымыя страты не паведамлялася. http://tass.ru/armiya-i-opk/4856695
Заява Масквы 11 снежня 2017 году пра вывад войскаў з Сірыі ў сувязі з «дасягнутай перамогай» – ужо 3-я за апошнія два гады. Раней пра вывад войск ужо абвяшчалі ўвесну 2016 году.
Сірыя застаецца падзеленай на сферы кантролю – Асада, Турцыі (на поўначы), дэмакратычнай апазіцыі на чале з курдамі і пад пратэктаратам ЗША (на паўночным усходзе), тых ці іншых больш ці менш ісламісцкіх групіровак.
Выжыванне рэжыму Асада з вялікай верагоднасцю немагчымае без значнай расейскага і іранскага падтрымання.
Акрамя таго, у Сірыі як у сябе ўдома пачуваюцца ізраільскія баявыя самалёты, якія з зайздроснай перыядычнасцю бамбяць абʼекты хаўруснай Асаду ліванскай групоўкі «Хезбала», якую Іран забяспечвае зброяй. Расейскія сілы супрацьпаветранай абароны, якія абяцалі абараняць тэрыторыю Асада ад любых удараў з паветра, ніяк не рэагуюць на ізраільскія бамбаванні.
Таму навагоднія падзеі вакол расейскіх баз у Сірыі – хіба што найлепш умацаваных кропак у тыле войск Башара Асада – ставяць і чарговую расейскую «вікторыю» пад пытальнік.
Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu