Руслана ў інтэрв'ю «Белсату»: Расейская агрэсія дойдзе і да Беларусі


 Руслана, спявачка і грамадская дзяячка, якую назвалі «рупарам Майдану», якая ўваходзіць у пяцёрку найсмялейшых жанчын свету, у інтэрв’ю распавядае пра тое, што цяпер адбываецца ва Украіне, чаго прагнуць і на што спадзяюцца нашыя суседзі.

Інтэрв’ю з Русланаю выйшла ў эфір у праграме «ПраСвет» 28 лістапада. На самым пачатку Руслана сказала, што ёй падабаецца беларуская мова, а ўкраінцы ды беларусы – сапраўды братэрскія народы.

Пачнём размову з сур’ёзных рэчаў. Кіеў перастаў фінансаваць Данецк, сітуацыя складаная, ідзе зіма. Ці гэта азначае, што Кіеў фактычна аддаў гэтыя тэрыторыі?

  Мы – ахвяры прапаганды. Прапаганда мае вялікія рэсурсы, і нам вельмі цяжка дакрычацца да іншых, каб распавесці, што адбываецца насамрэч. Я б вельмі хацела, каб вы разумелі: калі ва Украіне пра штосьці гавораць вельмі адназначна і гучна, навязваюць, ведайце – гэта няпраўда. Бо не мог Кіеў сказаць, што не будзе дапамагаць Данбасу.

 …але спынілі выплату пенсій.

Цяпер вельмі актыўна абмяркоўваюць – як дапамагаць Данбасу. Я збірала гуманітарную дапамогу і літаральна заўтра яе павязуць людзі, што стала ездзяць у Данецк. Мы вязём дзіцячую вопратку, памперсы, лекі, абагравальнікі, ежу. Ёсць розныя праекты, якія мы ўжо прэзентавалі на тэлебачанні, паводле якіх валанцёры змогуць па-за палітыкаю адрасна дастаўляць дапамогу пенсіянерам на Данбасе. Мы і за Крым хвалюемся. Але зробленае ўсё, каб нас у гэтыя рэгіёны не пусціць.

Калі б у Данецк і Луганск не везлі такой колькасці расейскай зброі, там не было б такога, што адбываецца цяпер. Нас арганізавана штурхаюць да вайны, гэта дакладная агрэсіўная палітыка Пуціна ў дачыненні Украіны. Спрабуюць стварыць Наваросію, але людзям у Данецку і Луганску гэта не трэба. Распрацоўваюць дыверсіі ў іншых гарадах – Адэсе, Харкаве.

 – Гэтыя сілы на Луганску і Данецку не спыняцца?

Мы не спынім гэтую агрэсію. Яна дойдзе да Беларусі. Яна можа дабрацца і да Прыбалтыкі, Польшчы. Мы не ведаем яе маштабаў і не ведаем, што ў Пуціна ў галаве і якія ён мэты ставіў, калі пачынаў вайну супраць свету – па-іншаму не скажаш. Ён імкнецца адрадзіць мадэль Савецкага Саюзу. Гэта значыць, усё, што мы атрымалі з незалежнасцю, што нашае, Пуцін адкідае, гаворачы: няма вашай гісторыі, вашай краіны. Ён гэта сказаў на адрас Казахстану, сказаў, што і Украіны як дзяржавы не існуе. А гэта не проста хлусня, гэта злачынства перад гісторыяй і народам гэтай краіны. Я вельмі пераймаюся за Беларусь. Гэта цудоўная краіна са сваёй гісторыяй ды культураю, і ніхто ні нам, ні вам не павінен казаць, што мы – усяго толькі кавалачкі «вялікага рускага свету».

Руслана, я хацела запытаць цябе пра беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на Майдане. У Кіеве адчынілі мемарыял герою Нябеснае сотні, але ён не зможа быць Героем Украіны. Беларускія актывісты і Рада БНР звярнуліся да Пятра Парашэнкі, каб ён усё ж улучыў Жызнеўскага ў гэты спіс герояў. Як ты ставішся да гэтае сітуацыі?

 – Я асабіста ведала Жызнеўскага, мы былі з ім на Майдане. Ён быў у самаабароне, часта да мяне прыходзіў, калі я дзяжурыла, мы пілі гарбату разам. Я была і калі яго пахавалі. Гэта быў цудоўны і вельмі прыгожы чалавек – унутрана і вонкава. Ён не толькі змагаўся за свабоду Украіны, а ў прынцыпе за свабоду. Ён не толькі герой Украіны, але і Беларусі. Беларусь павінна ганарыцца ягонаю смеласцю, бо ў наш прагматычны час далёка не кожны пойдзе на такія ахвяры. Для нас загінулыя хлопцы – святыя.

У ноч з суботы на нядзелю адбудзецца Ноч памяці, якую ты арганізоўваеш. Ноч памяці перадусім студэнтаў. Чаму Майдан важны для маладога пакалення? Чаму яны кажуць, што Майдан не скончыўся?

– Мы хочам аднавіць той светлы Майдан, які рабілі са студэнтамі.  Студэнцкі Еўрамайдан, які знішчылі ў ноч з 29 на 30 снежня сілаю. Гэта было зроблена вельмі жорстка, мы паверыць не маглі, што гэта магчыма. Тады спецпадраздзяленні не проста «зачысцілі» Майдан, але яшчэ ездзілі і шукалі, хто дзе. Задача была ўсіх узяць у падвойнае кола, пагрузіць у аўтобусы і кудысьці вывезці. Часткова гэта ўдалося, але частка з тых спецгрупаў, пабачыўшы, як жорстка збіваюць нават дзяўчат, не вытрымалі – расступіліся і далі ім магчымасць уцячы. Я памятаю, як ездзіла і збірала іх, некаторых моцна збітых адвозілі ў шпіталі. Але яны ездзілі і далей шукалі студэнтаў.

  І на заканчэнне: што для цябе Майдан?

Калі вы прыходзіце да мамы і таты, або ў царкву да свайго духоўнага настаўніка і спавядаецеся, ачышчаецеся. Вы шчырыя. Майдан – гэта месца, куды прыйшлі людзі, своеасаблівы храм свабоды. Мы прыйшлі ўратаваць сваю годнасць, надзею на будучыню, мы прыйшлі ратаваць сваё жыццё. Гэты было ачышчэнне, людзі адкрыліся адно аднаму. Гэта была сапраўдная чалавечая салідарнасць, якая яднае людзей і нараджае такія з’явы, калі вы гатовыя сабою закрыць ад куляў незнаёмага чалавека, стаяць на Майдане да перамогі. Бо вы прыйшлі адстойваць каштоўнасці, у якія верыце: справядлівасць, свабода, гонар.

 Гутарыла Аліна Коўшык, belsat.eu

Стужка навінаў