Рух «За Свабоду» збірае подпісы за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў


Слуцкі збройны чын. Фота з архіваў

Каардынатар Руху «За Свабоду» у Менскай вобласці Віталь Амяльковіч ініцыяваў збор подпісаў за перайменаванне вуліцы Камсамольскай у вуліцу Слуцкіх паўстанцаў.

«Я заклікаю падтрымаць гэты зварот, бо нашыя героі заслугоўваюць, каб у іх гонар была названая вуліца», – кажа Віталь Амяльковіч.

Сцяг Слуцкага палка. Фота з архіваў

У петыцыі падкрэсліваецца, «менавіта на цяперашняй вуліцы Камсамольскай знаходзіўся дом Эдварда Вайніловіча, у якім засядала Рада Случчыны, і дзе было прынята гістарычнае рашэнне аб пачатку змагання супраць войскаў расейскай Чырвонай арміі, якія наступаюць на беларускія землі».

«Лічым, што такое перайменаванне паспрыяе патрыятычнаму выхаванню ў незалежніцкім духу жыхароў Слуцка – першага гораду ў нашай краіне, які збройнай сілай змагаўся за незалежнасць Беларусі», – гаворыцца ў петыцыі.

Збор подпісаў пачаўся ў лістападзе прошлага году. Актывісты сабралі 550 подпісаў і перадалі іх у Слуцкі райвыканкам. Улады правялі грамадскія слуханні, парадак іх правядзення сябры Руху «За Свабоду» абскардзілі. Па словах Віталя Амяльковіча, скарга была дасланая ў Мінаблвыканкам 14 снежня 2016 года, таму рэакцыя на яе чакаецца да 14 студзеня.

Суправаджальны ліст да звароту ў Слуцкі райвыканкам

«На тыя слуханні нас не запрасілі, не паведамілі пра час і месца іх правядзення. Яны былі праведзеныя невядома дзе і невядома як», — распавёў каардынатар Руху па Мінскай вобласці.

Цяпер перад Рухам стаіць мэта-мінімум – дабіцца шырокага грамадскага абмеркавання перайменавання вуліцы Камсамольскай у Слуцку.

Гісторык Аляксандр Гелагаеў распавядае пра Слуцкі збройны чын

Тысячы беларусаў-добраахвотнікаў ужо ваявалі за незалежнасць сваёй Радзімы з 1918 году. Аднак менавіта ў канцы лістапада 1920 году адбылася першая маштабная вайсковая аперацыя цэлага самастойнага злучэння беларускіх узброеных сіл – Слуцкі Збройны Чын.

«Слуцкае паўстанне (Слуцкі збройны чын) – значная гістарычная падзея ў гісторыі Беларусі. Лічым, што случчане, якія змагаліся за захаванне незалежнай беларускай улады на тэрыторыі Случчыны ў 1920-м годзе, маюць права быць увекавечанымі ў назве адной з вуліц гораду. Да гэтага часу ў Слуцку няма як ніякага помніка, так і вуліцы, якая нагадвала б нашым нашчадкам пра гэту важную гістарычную падзею», – адзначаецца ў тэксце петыцыі.

Подпіс можна паставіць онлайн на рэсурсе Zvarot.by. Кампанія працягнецца да 31 студзеня 2017 году. 1 лютага калектыўны электронны зварот будзе дасланы па адрасена адрас Слуцкага раённага выканаўчага камітэту.

ВД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары