Першая вялікая бітва за незалежнасць Беларусі – Слуцкі збройны чын


Тысячы беларусаў-добраахвотнікаў ужо ваявалі за незалежнасць сваёй Радзімы з 1918 году. Аднак менавіта ў канцы лістапада 1920 году адбылося першая маштабная вайсковая аперацыя цэлага самастойнага злучэння беларускіх узброеных сіл – Слуцкі Збройны Чын. Для belsat.eu піша гісторык Аляксандр Гелагаеў.

Перадумовы

Заканчваўся 1920 год. Польшча, якой дапамаглі тысячы беларусаў і ўкраінцаў, адбіла наступ бальшавіцкіх войск на Варшаву, вярнула страчаныя польскія тэрыторыі і заняла значную частку Беларусі.

У Рызе польская і савецкая дэлегацыі 12 кастрычніка 1920 году заключылі папярэднюю мірную дамову, паводле якой польскія шавіністы, прыхільнікі ўнітарызму і праціўнікі федэратыўнай лініі Юзэфа Пілсудскага, свядома аддалі Цэнтральную Беларусь бальшавікам, каб зручней асіміляваць Заходнюю Беларусь.

«…Сама Польшча адмовілася ад усходніх абласцей. Беларусы нас не зразумеюць, таму што мы самі… не пытаючыся беларусаў, падзялілі іхную краіну. Аднак Грабскі, які вёў перамовы за плячамі дэлегацыі, прыйшоў да высновы, што Польшча раз і назаўсёды мусіць вызваліцца ад гэтай “беларускай язвы”», – з абурэннем пісаў будаўнік Чырвонага Касцёла Эдвард Вайніловіч.


Улётка беларускіх нацыяналістаў.

Дамова выклікала абурэнне прадстаўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі, якія 20 кастрычніка 1920 году прынялі рэзалюцыю, у якой адзначалася, што «РСФСР і Польшча, ня маючы агульных межаў і бязлітасна спусташаючы да гэтага часу Беларусь, змагаючыся на яе тэрыторыі, цяпер палічылі магчымым вырашаць лёс беларускага народу і распараджацца ягонымі землямі без удзелу ягоных прадстаўнікоў, ігнаруючы справядлівыя дамаганні беларускага народу і ягонага законнага ўраду, не дапусцілі да ўдзелу ў перамовах ягонай правамоцнай дэлегацыі».

Беларускія нацыяналісты заявілі, што Рыжская дамова неабавязковая для беларускага народу, і заклікалі «усімі спосабамі і сродкамі працягваць барацьбу за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку з усімі яе ворагамі».

Радзіма герояў

Слуцкі павет яшчэ да Першай сусветнай вайны быў адным з асноўных раёнаў дзейнасці беларускага нацыянальнага руху. Тут працавалі беларускія суполкі і гурткі, адсюль яны адпраўлялі дэлегатаў на з’езд беларускіх партыйных і грамадскіх арганізацыяў у 1917 годзе, адсюль ехалі прадстаўнікі на 1 Усебеларускі кангрэс.

Важную ролю адыграла арганізаваная Радаславам Астроўскім ў 1917 годзе беларуская гімназія ў Слуцку.

«Выхаванцы гэтай гімназіі праз тры гады ўяўлялі з сябе адборныя маладыя кадры для беларускага вайсковага руху», – адзначыў у сваёй працы «Жаўнеры БНР» гісторык Алег Латышонак.

Сябры слуцкага культурна-асветніцкага таварыства «Папараць-кветка». Слуцк 1920 год.

Нават падчас бальшавіцкай акупацыі вясной 1919 году, калі ў горадзе быў сфармаваны зборны Слуцкі батальён, ён быў у хуткім часе апанаваны беларускімі нацыяналістамі, у сувязі з чым бальшавікі палічылі за лепшае яго проста распусціць.

У сакавіку 1919 году на Случчыне выбухнула антыбальшавіцкае сялянскае паўстанне, якое было задушанае. Падчас польскай акупацыі беларускія эсэры, галоўная мясцовая палітычная сіла, рыхтавала антыпольскае паўстанне ў Слуцку.

Калі летам 1920 году прыйшлі Саветы адмовіліся падпісаць дэкларацыю аб утварэнні БССР, беларускія эсэры патрабавалі разрыву сувязі з Савецкай Расеяй і ўтварэння беларускай арміі.

Польскія войскі зноў занялі Слуцк 11 кастрычніка 1920 году, а 18 кастрычніка, калі баі спыніліся, лінія фронту праходзіла на 25 км на ўсход ад гораду. У гэты ж час на Случчыну вярнуліся найбольш па-антыбальшавіцку настроеныя беларускія нацыяналісты, якія шчыльна супрацоўнічалі з генералам Станіславам Булак-Балаховічам.

Рыжская мірная дамова выклікала абурэнне большасці палітычна актыўных случчакоў. Савецкая Расея і польскія шавіністы падзялілі Беларусь.

Таму, калі ў сярэдзіне лістапада адбыўся З’езд Случчыны, на якім прысутнічалі больш за 100 дэлегатаў ад Слуцка і 15 воласцяў, дэлегаты прынялі рашэнне фармаваць войскі Беларускай Народнай Рэспублікі. Была абраная Рада Случчыны – пастаянны орган рэгіянальнай улады.

З’езд абвесціў Случчыну часткай БНР і пастанавіў бараніць сваю зямлю са зброяй у руках. Нават прыхільнікі перамоў з бальшавікамі накіравалі пратэст супраць іхнага намеру заняць Слуцкі павет і заявілі, што Случчына хоча стаць часткай незалежнай Беларусі.

Першая. Слуцкая

Арганізацыяй узброеных сілаў БНР на Случчыне ведалі: 31-гадовы Павал Жаўрыд, які ў 1917 годзе скончыў Віленскую вайсковую вучэльню; капітан Анастас Анцыповіч і паручнік Ян Мацэля.

Дзякуючы іхнай працы, у тым ліку яшчэ падчас польскай акупацыі, паўстала Першая Слуцкая брыгада войскаў БНР. У складзе брыгады ўжо 22 лістапада з’явіўся 1 полк – Слуцкі, пачалося фармаванне 2-га палка – Грозаўскага.

Камандзірам брыгады стаў Анастас Анцыповіч, камандзірам 1-га палка быў прызначаны капітан Пётр Чайка, камандзірам 2-га Грозаўскага палка – капітан Лукаш Сяменік. Асноўная частка афіцэрскага складу былі мясцовыя жыхары з вопытам Першай сусветнай вайны.


Слуцкія жанчыны выткалі сцяг 1-га Слуцкага палка стральцоў.

Паводле польскіх разведвальных рапартаў беларускія палкі мелі па 3 батальёны, у кожным з якіх было па тры роты, піша Алег Латышонак. Таксама павінны былі існаваць два рэзэрвныя палкі. Беларускія крыніцы не згадваюць пра рэзэрвныя палкі, затое падаюць іншы склад баявых палкоў – гэтак, 1 Слуцкі полк стральцоў, па гэтай інфармацыі, меў 4 батальёны.

Таксама брыгада мела асобны кавалерыйскі атрад – нават у час панавання кулямётаў і хуткастрэльнай артылерыі конныя часткі маглі быць вельмі карыснымі дзякуючы сваёй мабільнасці, хоць выкарыстоўваліся ў баі звычайна як пяхота. Таксама яны былі незаменнымі для разведкі.

Контрвыведку беларускай брыгады ўзначаліў паручнік Антон Мірановіч.

Таксама брыгада мела ўласную вайсковую школу пад камандаваннем паручніка Хведара Данілюка, былі створаныя палявы шпіталь, вайсковы суд, абозы і збройная майстэрня.

Агулам колькасць брыгады дасягнула 4.000 чалавек, у большасці – случчакі, але таксама партызаны і перабежчыкі ад бальшавікоў з суседняга Бабруйскага павету. Пры недахопе абмундуравання характэрнай вопраткай жаўнераў стаў пашыты ў хатніх умовах мундыр з даматканага палатна: куртка тыпу фрэнч і штаны-галіфэ, а таксама шапка-вушанка з заечага футра.

Зброі хапала добра, калі на палову ўсіх добраахвотнікаў. Толькі што народжаная брыгада не магла абараніць Слуцак, аднак можна было паспрабаваць затрымацца ў 15-кіламетровай нейтральнай зоне паміж бальшавікамі і палякамі.

У бой!

Рада Случчыны і штаб 1 Слуцкай брыгады адступілі са сталіцы рэгіёна і сталі ў Семежаве, працягваючы працу па стварэнні войска.

Справамі ваеннага друку займаўся беларускі афіцэр Макар Касцёвіч – аўтар верша «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які быў пакладзены на музыку Уладзімера Тэраўскага і ў такім выглядзе стаў гімнам БНР. Былі выдадзеныя адозвы да грамадзянаў, сялянаў, чырвонаармейцаў, улёткі з вершам Максіма Багдановіча «Пагоня» і гімнам «Адвеку мы спалі».

Макар Касцёвіч (пс. Макар Краўцоў), загінуў у бальшавіцкай няволі ў 1939 годзе.

Першы бой жаўнеры Слуцкай брыгады прынялі 27 лістапада – і гэты дзень заслужана адзначаецца дагэтуль як дзень Слуцкага Збройнага Чына.

Аддзел 6-й роты Слуцкага палка стральцоў на чале з падпаручнікам Кернажыцкім падчас выведкі ў раёне вёсак Быстрыца, Верамейчыкі, Васільчыцы і Чарнагубава сутыкнуўся з савецкім ваенным аддзелам. Случчакі захапілі палоннага. Яшчэ адзін бой адбыўся пад Васільчыцамі. Адзін беларус быў паранены, бальшавікі страцілі трох забітымі, трох параненымі, аднаго палоннага і мусілі адступіць.

Глядзіце таксама дакументальны фільм “Белсату” – “Слуцкі збройны чын”

Баявыя дзеянні хутка разгараліся па ўсім занятым беларускай брыгадай фронце.

5-я рота Слуцкага палка на чале з падпаручнікам Клішэвічам заняла вёскі Лютавічы і Дашнава, прычым узяла ў палон 5 жаўнераў ворага. 7-я і 8-я роты біліся з бальшавікамі за вёску Махневічы. 30 лістапада вяліся баі ў раёне Вужыцы ў Бабруйскім павеце.
Слуцкі полк займаў фронт ад Семежава да Вызны. Грозаўскі полк змагаўся на лініі ад Вызны да Капыля.

У першы дзень баёў была выкрытая здрада камандзіра 1-га Слуцкага палка капітана Чайкі – на ягонае месца быў прызначаны падпалкоўнік Гаўрыловіч, а на месца камандзіра брыгады Анцыповіча, абвінавачанага эсэрамі ў неадпаведнай палітычнай лініі – капітан Антон Сокал-Кутылоўскі.

У першыя дні снежня бальшавіцкія ўлады вырашылі правесці маштабную вайсковую аперацыю супраць случчакоў – яе праводзіў штаб 16-й савецкай арміі сіламі 8-й і 17-й стралковых дывізій, а таксама спецыяльных частак чэкістаў.

Беларусы жорстка супраціўляліся, аднак савецкія часткі, маючы падтрыманне артылерыі, мелі падаўляючую агнявую моц. Да таго ж беларуская брыгада мела абмежаваныя запасы патронаў і хутка засталася амаль без амуніцыі. Не хапала харчоў і лекаў для параненых і хворых на тыф.

6 снежня адбыўся значны бой пад Ядчыцамі, у якім беларусам прыйшлося адступіць. На наступны дзень беларускія войскі пакінулі Семежава.

Аднак баі з бальшавікамі працягваліся. 10 снежня случчакі занялі вёскі Навасёлкі і Крывасёлкі, у начным баі з 11 на 12 снежня ўзялі вёску Старына, на наступную ноч – адбілі Семежава, дзе захапілі вялікую колькасць боепрыпасаў.

Аднак агнявая і колькасная перавага бальшавікоў прымушала беларускіх жаўнераў зноў адступаць. З 17 на 18 снежня беларусы зноў адбілі Семежава, пасля – Вызну, але не маглі замацавацца і чарговы раз гублялі пазіцыі.

Толькі 28-31 снежня апошнія 1.500 байцоў Слуцкай брыгады, перайшлі польска-савецкую мяжу і склалі зброю.


Беларускія актывісты каля помніка ў Мітэнвальдзе ў 2012 годзе. Фота svaboda.org

Дзень герояў

«Слуцкія жаўнеры за сціплы тэрмін здолелі ўтварыць баявыя адзінкі беларускага войска, якія, натхнёныя любоўю да Айчыны, здолелі ў неспрыяльных умовах весці цяжкую і напружаную барацьбу супраць больш мацнейшага праціўніка», – пісаў беларускі гісторык, прафесар Анатоль Грыцкевіч.

Праз 11 год пасля паўстання адбудзецца першае ўрачыстае святкаванне ўгодкаў Слуцкага збройнага чына. Традыцыя гэтая нездарма жыве дагэтуль.

Менавіта 27 лістапада не асобныя невялікія партызанскія і паўстанцкія атрады, не асобныя добраахвотнікі, а цэлае вайсковае злучэнне нованароджанай самастойнай беларускай арміі распачало збройнае змаганне за незалежнасць Радзімы. Гэты дзень стаў днём баявога хросту беларускай рэгулярнай арміі найноўшага часу.

У 1948 годзе быў пастаўлены першы помнік удзельнікам Слуцкага збройнага чыну – гэта адбылося праз высілкі беларускіх патрыётаў на эміграцыі, каля нямецкага гораду Мітэнвальд.

У часы раскладу СССР, калі зноў стала магчымым святкаванне вялікіх датаў нацыянальнай гісторыі, угодкі паўстання сталі адзначаць і ў Беларусі.

27 лістапада атрымала назоў Дзень герояў – і хоць паўстанне мела трагічны канец, гэты дзень ззяе ў гісторыі беларускай вайсковасці не меншай славай, чым пераможная бітва пад Воршай.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары