Reuters: КНДР экспартавала вугаль праз Расею ў абыход санкцый


Паводле агенцтва Reuters, у 2017 годзе КНДР мінімум тройчы экспартавала вугаль у абыход санкцый праз Расею.

Пасля вугаль накіроўваўся ў Паўднёвую Карэю і Японію, што можа сведчыць пра парушэнне міжнародных санкцый ААН. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на тры крыніцы ў заходнееўрапейскай выведцы.

Пастаўкі здзяйсняліся праз парты Находка і Холмск. Паводле крыніцаў інфармацыйнага агенцтва, пастаўкі працягваюцца дагэтуль.

МЗС Расеі ніяк не каментуе

У агенцтве зазначаюць, што не могуць пацвердзіць, ці сапраўды вугаль, дастаўлены ў расейскія парты, пасля накіроўваўся ў Японію і Паўднёвую Карэю, як і тое, ці ведалі ўладальнікі суднаў пра паходжанне вугалю і якія кампаніі былі ўцягнутыя ў здзелкі. Запыт, які Reuters накіравала ў МЗС Расеі, застаўся без адказу.

Санкцыі супраць КНДР Рада бяспекі ААН узмацніла ў леташнім жніўні, увёўшы забарону на вываз з КНДР вугалю, жалеза, свінцу, жалезнай і свінцовай руд, а таксама морапрадуктаў. Захады былі прынятыя ў адказ на ядравыя іспыты, якія працягвала праводзіць Паўночная Карэя.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле DW, фотаздымак skr.su

Стужка навінаў