Склады масласырзаводу запоўненыя, а працаўнікі ўжо трэці тыдзень у адпачынку за свой кошт.
Яшчэ пяць гадоў таму, калі Буда-Кашалёўскі масласырзавод адзначаў сямідзесяцігоддзе, мясцовая прэса пісала, што тры чвэрці вырабаў прадпрыемства адпраўляецца ў Расею, і толькі чвэрць рэалізуецца ў Беларусі. Невядома, як размяркоўваецца прадукцыя цяпер, але сёння склады заводу забітыя сырам, а працаўнікі ўжо трэці тыдзень – у адпачынку за свой кошт.
Большасць працаўнікоў Буда-Кашалёўскага масласырзаводу ад пачатку снежня адпачываюць. Што праўда, не са сваёй волі – Буда-Кашалёўскі філіял Рагачоўскага малочнакансервавага камбінату перастаў перапрацоўваць малако.
«Напэўна ад пачатку месяца, можа нават раней», – кажа ахоўнік.
Большасць тых, чыя праца была звязаная з вытворчасцю прадукцыі, адправілі ў адпачынак, а частка ездзіць на галаўное прадпрыемства, у Рагачоў.
«Сядзім за свой кошт, адпраўляюць на Рагачоў. На Рагачоў трэба рана ўставаць, а пятай. Вяртаемся а палову на шостую, ні дзяцей ні сям’і не бачым. У Рагачове таксама… трэцяга прыехалі – нас палову адправілі дадому, сказалі што няма працы», – распавядае працаўніца заводу Жанна.
Працаўнікі спадзяюцца, што ад новага года завод запрацуе, але пэўнасці няма.
«Да 31 снежня сказалі за свой кошт. Чуткі ёсць, што ад 31-га, магчыма, запрацуе завод. А там невядома», – працягвае Жанна.
На заводзе каментаваць сітуацыю адмовіліся, спаслаўшыся на тое, што ўсё вырашаецца на галаўным прадпрыемстве ў Рагачове. Рагачоў жа пасля доўгага вызначэння, скіраваў нас да намесніка дырэктара ў галіне вытворчасці, які акурат недасяжны, бо… на вытворчасці.
Працаўнікі ж лічаць, што працы няма з-за таго, што склады заваленыя прадукцыяй, якая мае ісці на Расею.
«Белсат»: Праўда што на складах прадукцыі многа?
Працаўніца: Многа.
«Белсат»: Склады забітыя прадукцыяй? –
Працаўніца: Так.
Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, філіялам якога ёсць Буда-Кашалёўскі завод, уваходзіць у пяцёрку беларускіх прадпрыемстваў да якіх Рассельгаснагляд мае прэтэнзіі адносна якасці, і з якіх прыпыненыя пастаўкі ў Расею ад сёмага снежня.
Пакуль што будакашалёўцы перабіваюцца, хто як можа.
«Вось так і выжываем, хто на што ўмее», – кажа мужчына, якога сустрэў карэспандэнт «Белсату».
«Перабіваюцца так. Я таксама падпрацоўкамі: там падпрацую, яшчэ дзе», – кажа іншы мужчына.
Працы ў Буда-Кашалёве, як і ў большасці беларускіх мястэчак, няма. А калі масласырзавод спыніцца канчаткова, армію беспрацоўных папоўняць каля двухсот чалавек, што цяпер лічацца працаўнікамі прадпрыемства.