60 жаўнераў Пскоўскай дывізіі будуць вучыцца «блакаваць і выцясняць незаконныя бандфармаванні».
Вучэнні расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі пройдуць у тры этапы і прадугледжваюць парашутнае і пасадачнае дэсантаванне ды баявую стральбу сумесна з беларускай тактычнай групай.
Камандзір 3-й парашутна-дэсантнай роты 104-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка Пскоўскай дывізіі, паведаміў военное.рф, што дэсантнікі ўжо рыхтуюцца да вылету.
Падчас вучэнняў будзе адпрацоўвацца выяўленне і блакаванне незаконных бандфармаванняў з выцясненнем умоўнага праціўніка паза межы краіны. Тэхніка, узбраенне і сродкі сувязі таксама будзе забяспечваць беларускі бок.
Візіт расейскіх вайскоўцаў у Беларусь будзе доўжыцца 10 дзён. Акрамя баявой падрыхтоўкі, расейцы плануюць наведаць Берасцейскую крэпасць. Дакладная дата вучэнняў не паведамляецца.
ЮВ, паводле военное.рф