Расейскі акцыяніст Паўленскі: У Беларусі ёсць персона, якая захапіла ўладу, а ў Расеі кіруе карпарацыя


У студзені мастак Пётр Паўленскі з’ехаў з Расеі разам са сваёй паплечніцай Аксанай Шалыгінай і дзецьмі. Акцыяніст збіраецца атрымаць у Францыі палітычны прытулак.

Пётр Паўленскі вядомы свету дзякуючы нашумелым перформансам. Ён зашываў сабе рот, адрэзаў мочку вуха, прыбіў машонку да Чырвонай плошчы ды падпаліў дзверы ФСБ.

Самыя моцныя перформансы Паўленскага



Што вы хацелі сказаць свету, калі зашылі сабе рот?

Я змог паказаць ідэальнага грамадзяніна, якога хоча бачыць улада ва ўсіх і ў кожным – чалавека з зашытым ротам, чалавека, які заткнуўся і нічога не можа сказаць. Жаданні ўлады: слухай, паўтарай і падпарадкоўваўся. Уладзе не патрэбны чалавек, які абвяргае, які хоча штосьці сказаць. Я паказаў перспектыву і давёў да лагічнага завяршэння жаданне ўлады. Працэсам над «Pussy riot» улада настойвала на тым, які чалавек ёй патрэбны. І тым самым яны апынуліся ў тупіку, бо міліцыя не змагла ўзяць паказанні ў чалавека з зашытым ротам.

Ці магчымыя змены ў Расеі?

Быў 1917 год. Пасля 1991 год. Штосьці мянялася, але ўлада ваеншчыны, якая імкнецца ўсё ператварыць у гарнізонны пейзаж, засталася. Мяняюцца дэкарацыі і сцягі. Трыкалор мяняецца на чырвоны, а чырвоны на трыкалор. Мяняюцца галовы, якія балбочуць і мяняюць дэкарацыі, але сутнасць і механіка ўлады не мяняецца. Улада знаходзіцца ў руках ФСБ. Раней яны называліся: КГБ, МГБ, ОГПУ, НКВД. Мяняюцца назвы, а сутнасць не мяняецца.

Ці ёсць розніца паміж расейскім і беларускім рэжымам?

У Беларусі, на маю думку, ёсць персона, якая захапіла ўладу, а ў Расеі кіруе карпарацыя і замест Пуціна можа быць Муцін, але ўлада застанецца ў руках сілавікоў.

У Расеі на мастака-акцыяніста і ягоную партнёрку заведзеная крымінальная справа. Прадзюсар «Театра.doc» Усевалад Лісоўскі абвінаваціў мастака ў збіцці аднаго з актораў тэатру (ёсць відэа бойкі) і «спробе згвалтавання» акторкі Анастасіі Слонінай. Факт бойкі Паўленскі не адмаўляе, абвінавачванне ў спробе згвалтавання называе «даносам», а відэа бойкі інсцэнізацыяй. Мастаку пагражае да 10 пазбаўлення волі.

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары