Пятра Пракаповіча пераабралі ў склад назіральнай рады «БПС-Сбербанку»


Пётр Пракаповіч. Фота: TUT.by

Пазачарговы агульны сход акцыянераў ААТ «БПС-Сбербанк» 23 чэрвеня абраў новы склад назіральнай рады банку.

Правядзенне пазачарговага сходу ў банку патлумачылі зацвярджэннем гадавым агульным сходам акцыянераў змяненняў і дапаўненняў у статут установы, паводле якіх, колькасны склад назіральнай рады паменшыўся з 13 да 11 чалавек.

Рашэннем сходу акцыянераў ААТ «БПС-Сбербанк» у склад новай назіральнай рады абралі пяць прадстаўнікоў расейскага «Сбербанку» (Наталля Аўдзеенка, Рыгор Анашкін, Аляксей Ашуркаў, Павел Барчуга, Цімур Козінцаў), тры незалежныя дырэктары (Галіна Кухарэнка, Святлана Малыхіна, Людміла Папова), а таксама Лілія Астаповіч, якая ў папярэднім складзе ўваходзіла ў аўдытарскі камітэт.

У склад назіральнай рады таксама ўвайшлі першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэту па маёмасці Аляксей Васільеў як прадстаўнік дзяржавы і былы кіраўнік Нацбанку Пётр Пракаповіч, які старшыняваў у папярэднім складзе і ўваходзіць у працоўную групу пры адміністрацыі кіраўніка краіны.

Hавiны
Нацбанк прызначыў у «Белгазпрамбанк» уласную адміністрацыю
2020.06.15 09:50

Як адзначыў у каментары belsat.eu Пётр Пракаповіч, змяненні ў складзе Назіральнай рады выкліканыя выключна зменамі ў статуце і не звязаныя з апошнімі падзеямі ў «Белгазпрамбанку».

«Да чаго гісторыя іншага банку да нашага банку? Наш банк мае ўласную гісторыю», – адзначыў былы старшыня Нацбанку.

Адказваючы на пытанне адносна свайго веку, Пётр Пракаповіч, якому сёлета спаўняецца 78 гадоў, падкрэсліў, што «справа не ў веку, а ў тым, хто і як працуе».

Hавiны
Не толькі «Белгазпрамбанк»: 3,5 гісторыі пра тое, як дзяржава змяняла адміністрацыю ў прыватных банках
2020.06.17 19:40

ААТ «БПС-Сбербанк» з’яўляецца адным з найбуйнейшых банкаў Беларусі паводле памеру актываў. Чысты яго прыбытак за 2019 год склаў Br 107,2 млн пры рэнтабельнасці капіталу ў 15,8 %. Асноўным акцыянерам «БПС-Сбербанку» выступае расейскі «Сбербанк» (98,43 % акцыяў).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў