25 лютага прэзідэнт Расеі завітае ў беларускую сталіцу на Вышэйшы дзяржсавет Саюзнай дзяржавы.
Паседжанне адбудзецца ў Палацы Незалежнасці. Папярэдняя сустрэча ў межах дзяржсавету адбылася 3 сакавіка 2015 года ў Маскве. Ініцыятарам менскай сустрэчы быў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле афіцыйнай інфармацыі, на пасяджэнні дзяржсавету прэзідэнты, кіраўнікі ўрадаў і высокапастаўленыя чыноўнікі Беларусі і Расеі абмяркуюць бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2016 год і праграму дзеянняў у галіне вонкавай палітыкі на 2016-2017 гады.
Афіцыйны Менск таксама чакае рашэння па фінансавай дапамозе, пра якую дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы.
«Расейцы, пры ўсёй складанасці, вуснамі і прэмʼера, і прэзідэнта Расеі, з якімі я двойчы сустракаўся цягам тыдня, наўпрост сказалі: у нас няма іншага выйсця, як падтрымліваць Беларусь, таму што там нашыя інтарэсы, мы шмат у чым залежым ад Беларусі», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле беларускага палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, Уладзімір Пуцін прыедзе ў Менск, каб патлумачыць Аляксандру Лукашэнку, што «расейскі свет» – гэта не хімера.
«Адмена санкцыяў умацавала пазіцыі Лукашэнкі адносна Пуціна. Магчыма жаданне не згубіць ініцыятыву і прымусіла яго прыехаць, каб гульня Лукашэнкі з Еўропай не зайшла занадта далёка», – мяркуе Якаўлеўскі.