Прывід 90-ых: кіраўніцтва Расеі спрабуе стрымаць заробкавы крызіс


Уладзімір Пуцін пагадзіўся на заканадаўчыя змены, якія дазволяць скараціць запазычанасці па заробках.

Кіраўнік Федэрацыі незалежных прафсаюзаў РФ Міхаіл Шмакаў, які прапанаваў Пуціну гэтую ідэю, патлумачыў, што цяпер «павялічваюцца даўгі па заробках» і ёсць законны спосаб стрымаць гэтую тэндэнцыю – усталяваць чарговасць выплаты заробкаў і падаткаў. Цяпер расейскі Грамадзянскі кодэкс ураўноўвае чарговасць разлікаў па заробках і падатках. Расейскія працадаўцы ў першую чаргу разлічваюцца з дзяржавай, а потым з працаўнікамі.

Нагадаем, што сітуацыя на некаторых расейскіх прадпрыемствах нагадвае 90-ыя. Напрыклад, 22 жніўня шахцёры кампаніі «Кингкоул» у Гукава і Зверава (Растоўская вобласць) пачалі галадоўку, патрабуючы выплаты даўгоў па заробках. 29 жніўня працаўнікі «АвтоВАЗагрегат», якія таксама патрабуюць пагашэння даўгоў, перакрылі федэральную трасу М5. «АвтоВАЗагрегат» знаходзіцца ў стадыі банкруцтва, заробак працаўнікам не выплочвалі некалькі месяцаў.

Па стане на 1 жніўня 2016 года абʼём пратэрмінаванай запазычанасці па заробках у Расеі склаў 3,67 млрд расейскіх рублёў (менш за 1% месячнага фонду заработнай платы). Рэальная лічба запазычанасці невядомая і можа быць вышэй афіцыйнай. Найбольшая колькасць пратэрмінаваных заробкаў у апрацоўчых вытворчасцях, у сферах здабычы карысных выкапняў, будаўніцтве ды транспарце, паведамляе «Росстат».

Фота: gazeta.ru

ЮВ, belsat.eu, паводле rbc.ru

Стужка навінаў