Жыхары Гомельшчыны: «Жывем надгаладзь! На працу ідзеш, чайку папʼеш, калі яшчэ ёсць той чаёк»


Улады паабяцалі заробкі, людзі паверылі. Але грошай гэтак і не дачакаліся. На адным з аграрных прадпрыемстваў Гомельшчыны заробкі – Br 200-300, але і тыя затрымліваюць. Чаму ж афіцыйна ў нас гэтак хваляць «людзей сяла», а на справе – яны нават не маюць грошай выправіць дзяцей у школы?

Ужо заўтра школы расчыняць свае дзверы для вучняў. Дзень важны і для дзяцей, і для бацькоў. Хоць для апошніх – гэта яшчэ і стрэс: як сабраць дзіця ў школу. У спадарыні Іны іх двое.

Кабета жыве ў вёсцы Страдубка на Гомельшчыне. Людзі працуюць тут на сельгаспрадпрыемстве з такою ж назваю. І яны вельмі разлічвалі на заробак – бацькі мелі зрабіць апошнія набыткі перад школаю. Дый раней кіраўніцтва прадпрыемства абяцала, што заробак выплацяць своечасова. Грошай людзі гэтак і не дачакаліся.

«Заўтра студэнтцы ехаць – ні асадкі няма, нічога. Вось так і паедзе дзіця! Вось і ўвесь заробак», – абураецца Вольга з вёскі Страдубка.

Грошай не хапае ані на ежу, ані на аплату камуналак

Дырэктар «Страдубкі» запэўніў, што грошы вось-вось прыйдуць.

«Сёння даем заробак. Зараз едзем у банк, будзем ужо атрымліваць, ужо на карткі грошы пайшлі», – запэўніў Павел Фісенка, дырэктар КСУП «Страдубка».

Але датрымалі да апошняга, калі ў бацькоў ужо няма як набыць тое адзенне ды абутак – у вёсцы яго не купіць.

Зрэшты, школа школаю, але ў роспачы людзі яшчэ і праз памер сваіх заробкаў. На прадпрыемстве даяркі, паляводы, даглядчыкі жывёлы зарабляюць па Br 200-300.

«Так і выжываем. Надгаладзь! Ідзеш на працу, чайку папʼеш, калі яшчэ ёсць той чаёк», – кажуць», – кажуць хорам жыхаркі Страдубкі.

Людзі адзначаюць, што часта няма чым заплаціць за камуналку. Атрымліваецца, у нас гэтак ганарацца працаю на роднай зямлі, у сёлах і вёсках, а на справе працаўнікам не ў стане забяспечыць нават ежы ў лядоўні.

Ганна Любакова, «Белсат».

Стужка навінаў