Прэвентыўны нагляд над Мікалаем Аўтуховічам працягнуты на паўгода


Прэвентыўны нагляд над былым палітзняволеным Мікалаем Аўтуховічам працягнуты на паўгода. Такое рашэнне 6 жніўня было прынята на паўторным пасяджэнні суда Ваўкавыскага раёну, якое адбылося без удзелу Аўтуховіча.

Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

У сярэдзіне ліпеня суд Ваўкавыскага раёну не задаволіў хадайніцтва мясцовага РАУС аб працягу прэвентыўнага нагляду над Аўтуховічам. Аднак неўзабаве на гэтае судовае рашэнне вынес прыватны пратэст выканаўца абавязкаў пракурора Ваўкавыскага раёну. Разгляд пратэсту быў прызначаны на 6 жніўня, але потым працэс перанеслі на дзень раней, інфармуе БелаПАН.

Чытайце яшчэ >>> Правілы жыцця Мікалая Аўтуховіча

Судовая калегія Гарадзенскага абласнога суда 5 жніўня адмяніла рашэнне суда Ваўкавыскага раёну, і справа аб працягу прэвентыўнага нагляду была адпраўлена ў раённы суд для паўторнага разгляду 6 жніўня. Рашэнне судовай калегіі ўсхвалявала Аўтуховіча, і ў яго значна павысіўся ціск, пачаліся галаўныя болі.

Раніцай 6 жніўня былому палітзняволенаму стала кепска на працы, яго шпіталізавалі. У выніку суд прайшоў у прысутнасці толькі адваката Аўтуховіча. Мікалай Аўтуховіч дагэтуль знаходзіцца ў лякарні.

Юрыст Павел Сапелка лічыць, што над былымі зняволенымі, якія цалкам і ў поўнай меры адбылі пакаранне, устанаўліваць прэвентыўны нагляд няправільна, бо гэтая мера прадугледжвае дадатковыя сурёзныя абмежаванні правоў. «У дачыненні да палітзняволеных прэвентыўны нагляд выкарыстаны ўладамі ва ўсёй красе: некаторыя з вызваленых палітзняволеных былі асуджаны за парушэнне яго правілаў. Хтосьці, асцерагаючыся незаконнага асуджэння, пакінуў сталіцу», – прыводзіць словы Сапелкі сайт spring96.org.

Глядзіце яшчэ >>> Прыгожая ілюзія і рэчаіснасць. Ролік «Белсату» пра палітвязняў

Прадпрымальнік з Ваўкавыску, ветэран афганскай вайны, грамадскі актывіст Мікалай Аўтуховіч у красавіку 2014 года выйшаў на волю пасля больш чым пяці гадоў зняволення па абвінавачанні ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў – у яго было знойдзена пяць патронаў да паляўнічай вінтоўкі. Пасля вызвалення над Аўтуховічам быў устаноўлены прэвентыўны нагляд.

У турме Аўтуховіч адбываў пакаранне двойчы. Першы раз ён быў арыштаваны ў кастрычніку 2005 года па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў і асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі.

У абодвух выпадках праваабаронцы прызнавалі Аўтуховіча палітзняволеным, асуджаным за актыўную грамадскую дзейнасць і барацьбу з карупцыяй.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў