Прэмʼер Сербіі звольніў міністра абароны за сексізм і непавагу да журналісткі мясцовага каналу


Кіраўнік урада Сербіі Аляксандр Вучыч абвесціў у панядзелак аб адстаўцы кіраўніка міністэрства абароны Браціслава Гашыча, паведамляе Associated Press. Чыноўніка звольнілі за сексізм і непаважлівае стаўленне да журналісткі.

«Мы павінны абараніць жанчын у Сербіі. Гэта быў дрэнны сігнал для ўсіх жанчын. Ніводны міністр не павінен сабе такога дазваляць», – сказаў Вучыч журналістам.

48-гадовы экс-бізнэсмэн, які лічыцца адным з самых блізкіх паплечнікаў сербскага прэмʼера, выбачыўся і сказаў, што яму шкада, аднак паводле Вучыча выбачэнняў і раскаяння міністра недастаткова.

Падставай для адстаўкі стаў інцыдэнт з удзелам тэлежурналісткі з канала В92, якая прысела перад Гашычам, каб не загароджваць камеры аператарам. Міністр тады сказаў: «Да чаго люблю жанчын, якія так лёгка падаюць на калені».

Апазіцыя ўжо неаднаразова патрабавала адправіць яго ў адстаўку, знаходзячы іншыя падставы, але раней кіраўнік Кабміну адмаўляўся яго звальняць.

ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары