Пра Нёман, мову, беларусаў і палітычныя карыкатуры разважае Джордж Сміт.
Мастак з Лондану пераехаў у Горадню 10 гадоў таму. Тады ён убачыў Беларусь упершыню, завітаўшы праездам разам з калегамі-мастакамі, каб застацца тут назаўжды. Дачка і трое сыноў па-ранейшаму жывуць на Туманным Альбіёне, а Сміт добра пачуваецца і тут: мае каханую жанчыну-беларуску ды ўтульную студыю-майстэрню на апошнім паверсе старой камяніцы на колішніх гарадскіх валах.
Апошні раз імя Сміта загучала ў медыях два тыдні таму ў сувязі з адкрыццём аўтарскай выставы ў Горадні, на якой былі паказаныя гратэскныя партрэты Пуціна.
Пра палітычную карыкатуру, грошы з карцінаў ды стасункі з ангельскай каралевай мастак распавядае чытачам «Белсату».
Найцяжэйшае – гэта мова. Наагул я маўчу большасць часу, працую ў майстэрні. Тут побач са мной кватэру здымаў студэнт з Лівану – мы з ім гутарылі па-ангельску. На жаль, я не пайшоў вучыцца расейскай, бо думаў, што як буду жыць з носьбітам мовы – хутка вывучу. Але не ўсё так проста: Яніна спрашчае для мяне мову, з’ядае канчаткі, нешта кажа па-ангельску – каб не чуць штохвілінна маё: «Паўтары, калі ласка». Але я стараюся.
Любімае месца ў Горадні – Нёман і яго ваколіцы. Ведаеце, я вырас каля Тэмзы, таму і Нёман мне падаўся вельмі блізкім. Калі шпацырую па горадзе – не па справах, а для асалоды – абавязкова спускаюся да Нёмна.
Карціны з Пуціным – толькі частка палітычнай серыі маіх працаў. У Вялікай Брытаніі ёсць добрыя традыцыі палітычнай карыкатуры, на якую не прынята крыўдаваць. Элементы карыкатуры і гратэску я выкарыстоўваю ў сваіх карцінах. Я пісаў таксама Чэрчыля, Маргарэт Тэтчэр і іншых.
Часам цяжка знайсці краму, патрэбную на дадзены момант у горадзе. Бо калі ў цэнтры збольшага ўсё, што прадаецца, бачна праз вітрыну, то ў іншых частках гораду нічога не зразумела. Разумею, гэта зноў жа праблема мовы.
Я не зарабляю карцінамі. Зрэшты, як і 95 % мастакоў. Так, нешта прадаецца, у Каліфорніі, напрыклад, я маю сваю галерэю. Пры гэтым у асноўным жыву з пенсіі, якую мне плаціць каралева… Колькі плаціць? Гэта наша з ёй таямніца (смяецца).
АК, belsat.eu