Праваабаронцы просяць ААН умяшацца ў справу Алены Танкачовай


Сёння ў УУС Першамайскага раёну Менску адбудзецца разгляд пытання аб прымусовай высылцы праваабаронцы на падставе нібыта пагрозы грамадскаму парадку. А менавіта – парушэнне хуткаснага рэжыму на дарогах.

Беларускія праваабаронцы просяць адмысловага дакладніка ААН неадкладна ўмяшацца ў сітуацыю і скіравалі тэрміновы зварот у арганізацыю. Гэткія звароты прадугледжаныя для выпадкаў, калі патрэбная неадкладная рэакцыя адмыслоўцаў на факты сур’ёзнага ціску на праваабаронцаў у пэўнай краіне. Такая працэдура выкарыстоўваецца вельмі рэдка.

Як паведамляе сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна», у заяве адзначаецца, што гэта не першы выпадак націску ў сувязі з праваабарончай дзейнасцю Танкачовай.

Калегі-праваабаронцы лічаць «недапушчальнымі падобныя дзеянні дзяржавы, калі шляхам абмежаванняў асабістых правоў і свабодаў ствараюцца перашкоды праваабарончай дзейнасці арганізацыяў і грамадзянаў».

Кіраўніцу асветніцкай установы «Цэнтр прававой трансфармацыі» Алену Танкачову пазбавілі віду на жыхарства на падставе нязначных перавышэнняў хуткасці, зафіксаваных камерамі. Алена Танкачова жыве ў Беларусі каля 30 гадоў, мае тут нерухомасць і пастаянную працу. На працягу 20 гадоў яна і яе арганізацыя аказваюць прафесійную юрыдычную і экспертнае падтрыманне некамерцыйным арганізацыям Беларусі, а таксама ў сітуацыях з парушэннямі правоў чалавека.

Гутарку з Аленаю Танкачовай глядзіце ў праграме «Размова дня».

МЛ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў