Пратэсты ў Ерэване памянялі прапіску


Пратэсты ў Ерэване памянялі прапіску. З праспекту Баграм’яна пратэстоўцы перамясціліся да будынку мясцовай Оперы. Змянілася і рыторыка, перадаюць нашыя карэспандэнты з Ерэвану.

Усё больш людзей выказваюць думку, што апроч сацыяльных патрабаванняў неабходна складаць палітычны парадак дня. Сярод самых смелых прапановаў – патрабаванне адстаўкі прэзідэнта Сэржа Саргсьяна.

Прадстаўнікі паліцыі заяўляюць, што зганяць пратэстоўцаў з новага месца не будуць, але руху ў бок рэзідэнцыі прэзідэнта не дазволяць. Паводле назіранняў «Белсату» напярэдадні, побач з месцам пратэстаў сілавікоў было ледзь не больш за пратэстоўцаў.

Яшчэ да разгону акцыі на Баграм’яна ў інтэрвю нашаму тэлеканалу актывісты руху «ЭлектрыкЕрэван» згаджаліся: усё зайшло значна далей за 7 драмаў, на якія меўся вырасці тарыф на электраэнергію для насельніцтва.

АРАМ ТАРВЭРД’ЯН, ГРАМАДСКІ АКТЫВІСТ: «Гэта несумненна палітычнае дзеянне, па-за палітыкаю гэта разглядаць проста смешна. Але тое мы патрабуем не адстаўкі кагосьці, а проста нармальнага жыцця. У гэтым сэнсе гэта не палітычны пратэст, хоць сам працэс ідзе, вядома, паводле палітычнага сцэнара».

Пасля таго, як барыкады з Баграм’яна прыбралі, каардынатары руху «ЭлектрыкЕрэван» заявілі, што збяруцца ў чацвер, каб агучыць новы план дзеянняў.

Хоць улады ў Ерэване і здолелі збіць пратэст, яны не змаглі развязаць сацыяльных пытанняў, якія вывелі людзей на вуліцы. Напрыклад, тут, у адным са старых кварталаў Ерэвану, раёне, які называецца Конд, пытанне нават мінімальнага росту тарыфаў – гэта пытанне выжывання.

АН, АБ, belsat.eu

Стужка навінаў