Прадстаўнікі сепаратыстаў: Мы перадалі кантактнай групе праект


Прадстаўнікі самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік заявілі, што перадалі ўдзельнікам трохбаковай кантактнай групы свой праект дакументу па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе.

Як паведаміў журналістам прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін, дакумент уключае комплекс захадаў як вайсковага, гэтак і палітычнага характару. Паводле яго слоў, бакі ўзялі дакумент на вывучэнне і пасля перапынку працягваюць яго абмеркаванне. «Калі перапынак закончыцца, мы не ведаем», – сказаў прадстаўнік прарасейскіх баевікоў ва Украіне.

Прадстаўнік ЛНР Уладзіслаў Дзяйнега заявіў, што «стабільны мір немагчымы без палітычнага рашэння». Ён зазначыў, што раней ужо заключаліся пагадненні аб спыненні агню, але з-за адсутнасці палітычнай волі яны парушаліся, падае БелаПАН.

Перамовы кантактнай групы (Украіна – АБСЕ – Расея) з удзелам сепаратыстаў пачаліся ў Менску 10 лютага а 21-ай гадзіне. Перапынак быў аб’яўлены праз дзве гадзіны. Удзельнікі пасяджэння раз’ехаліся.

Ад поспеху перамоў залежыць намечаная на 11 лютага ў беларускай сталіцы сустрэча лідараў Украіны, Нямеччыны, Францыі і Расеі.

Крыніца ўкраінскага інтэрнэт-выдання zn.ua ў трохбаковай кантактнай групе паведамляе, што інфармацыя, якую распаўсюджвалі расейскія медыі, аб спыненні агню і адводзе цяжкога ўзбраення, не адпавядае рэчаіснасці – на перамовах не ўдалося прыняць ніякіх канкрэтных рашэнняў, перамовы будуць працягнутыя сёння, 11 лютага.

МЯ, паводле БелаПАН, zn.ua

Стужка навінаў