Федэральнае бюро расследаванняў (ФБР), Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне (ЦРУ) і Агенцтва нацыянальнай бяспекі (АНБ) прадставілі несакрэтную частку дакладу «Ацэнка дзеянняў і намераў Расеі ў сувязі з мінулымі выбарамі ў ЗША».
Спецслужбы палічылі даказаным фактам, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін асабіста аддаў загад распачаць кампанію па ўмяшанні ў выбары.
Прапануем вашай увазе галоўныя тэзы дакументу.
У дакладзе адзначаецца, што спецслужбы прыйшлі да высокай ступені ўпэўненасці, што прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін асабіста аддаў загад пачаць у 2016 годзе кампанію, накіраваную на прэзідэнцкія выбары.
Асноўнымі мэтамі гэтай кампаніі ў дакуменце называюцца «падрыў грамадскай веры ў амерыканскі дэмакратычны працэс», а таксама дыскрэдытацыя кандыдата ад дэмакратаў Хілары Клінтан і нанясенне стратаў яе выбарнасці і прэзідэнцкім перспектывам. Акрамя таго, у выведцы прыйшлі да меркавання, што Масква аддавала відавочную перавагу Доналду Трампу, які ў выніку перамог на выбарах.
Амерыканскія спецслужбы таксама мяркуюць, што, спрабуючы паўплываць на вынік выбараў, Крэмль пераследаваў сваю доўгатэрміновую мэту, якая заключаецца ў «падрыве ліберальна-дэмакратычнага парадку, які ўзначальваюць ЗША». «Пуцін і іншыя высокапастаўленыя расейскія чыноўнікі бачаць у ім пагрозу Расеі і ўладзе Пуціна», – гаворыцца ў дакладзе.
Аўтары дакладу мяркуюць, што, хоць выкарыстанне Расеяй уцечак падчас прэзідэнцкай кампаніі зʼяўляецца «беспрэцэдэнтным», у цэлым Масква выкарыстала традыцыйную для сябе стратэгію. Яна, паводле звестках спецслужбаў, уключае ў сябе правядзенне аперацыяў, такіх як кібератакі, што суправаджаюцца намаганнямі расейскага ўраду, дзяржаўных СМІ, іншых пасярэднікаў і праплочаныя карыстальнікаў сацсетак.
Расейскія кампаніі, гаворыцца ў дакуменце, першапачаткова распрацаваныя такім чынам, каб улады маглі адмаўляць якое-небудзь дачыненне да іх дзякуючы выкарыстанню вялікага ліку «агентаў уплыву».
У сакавіку 2016 года Галоўнае выведвальнае кіраванне (ГРУ) Мінабароны Расеі арганізавала кібератакі з мэтай паўплываць на ход кампаніі ў ЗША. У выніку зламыснікі змаглі ўзламаць паштовыя скрыні членаў дэмпартыяў ЗША і іншых палітыкаў. Да траўня ГРУ змагло атрымаць вялікую колькасць дадзеных дэмпартыяў. Расейскія хакеры таксама збіралі дадзеныя на звязаныя з рэспубліканцамі структуры, але не раскрывалі іх.
Аўтары дакументу «з высокай доляй упэўненасці» сцвярджаюць, што ГРУ выкарыстала хакера «Guccifer 2.0», а таксама сайты DCLeaks.com і WikiLeaks, каб зрабіць публічнымі скрадзеныя дадзеныя і распаўсюдзіць іх у медыях. Атрыманыя ў выніку ўзлому звесткі сталі зʼяўляцца на сайце DCLeaks.com з чэрвеня.
Даклад быў падрыхтаваны з улікам тых дадзеных, якімі амерыканскія спецслужбы размяшчалі на 29 снежня 2016 года. Апублікаваная справаздача – гэта рассакрэчаная версія дакладу, які мае высокую сакрэтнасць. Высновы абодвух дакументаў ідэнтычныя, аднак у апублікаваным варыянце адсутнічае пэўная суправаджальная інфармацыя, у тым ліку абавязковыя дадзеныя выведкі.
«Шмат якія з ключавых высноваў у дакуменце абапіраюцца на комплекс паведамленняў ад розных крыніцаў, якія падзяляюць нашае разуменне паводзінаў Расеі», – гаворыцца ў справаздачы. Звесткі аб расейскіх дзеяннях, у тым ліку канкрэтных кібератаках, былі пацверджаныя незалежнымі адна ад адной крыніцамі.
Некаторыя меркаванні ў дакладзе грунтуюцца на аналізе паводзінаў лаяльных расейскім уладам палітыкаў, дзяржаўных медыяў і карыстальнікаў сацсетак, якія, на думку аўтараў дакладу, падсправаздачныя Крамлю.
Чытайце таксама:
• Кібервайна Расеі і ЗША. Масква рыхтуецца да контратакі
• Адказ на кібератакі: ЗША высылаюць 35 расейскіх дыпламатаў. Расея закрывае школу