Пік метэорнай плыні Персеідаў – сёння ўночы


Астраномам, аматарам зорнага неба і проста рамантыкам сёння не ўдасца легчы раней. З пятніцы на суботу чакаецца кульмінацыя жнівеньскага «зарападу».

Уночы з 12 на 13 жніўня жыхары Беларусі і ўсяго паўночнага паўшар’я Зямлі змогуць назіраць метэорны паток Персеідаў ва ўсёй прыгажосці: у гэтую ноч «зарапад» дасягне свайго піку.

Паводле Міжнароднай метэорнай арганізацыі (IMO), на небе можна будзе ўбачыць няўзброеным вокам да 150 выбліскаў на гадзіну. Як фатаграфаваць метэоры, IMO распавядае тут.

Персеіды, якія Сірко Молаў (Sirko Molau) зарэгістраваў пад Берлінам на чатыры відэакамеры ўночы з 10 на 11 жніўня.
Персеіды, якія Сірко Молаў (Sirko Molau) зарэгістраваў пад Берлінам на чатыры відэакамеры ўночы з 10 на 11 жніўня.

Лепшае месца для таго, каб атрымаць асалоду ад астранамічнай з’явы – за горадам (каб не перашкаджалі штучныя агні) у месцы з дастаткова адкрытым гарызонтам. Варта адмовіцца ад карыстання мабільным тэлефонам ды іншымі крыніцамі святла. Астраномы таксама раяць, каб у поле зроку не трапляў Месяц.

Найлепшы перыяд для таго, каб сачыць за відовішчам – пасля паўночы. Арыенцір – сузорʼе Персей, што знаходзіцца ў паўночна-ўсходнім кірунку.

ДД, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары