Паўмарафонец, затрыманы за бел-чырвона-белы сцяг: Сядзеў у пастарунку як супергерой


Фота з архіву Уладзя Сташкевіча

Уладзь Сташкевіч сёлета другі раз бег паўмарафон з бел-чырвона-белым сцягам. Раней праблемаў праз нацыянальныя сімвалы не ўзнікала. Грамадскі актывіст і менеджар некамерцыйных праектаў распавёў belsat.eu пра няпросты забег і затрыманне.

«Летась мной нават ніхто не зацікавіўся. Цяпер падчас марафону я перыядычна чуў, як праз рацыю кажуць, што я прабягаю побач. Відаць, у іх былі планы мяне раней затрымаць. Таму як бачыў міліцыянтаў, то бег у натоўп. А калі іх не было, бег збоку, каб больш людзей убачылі мяне са сцягам».

Уладзь адзначае, што людзі ставіліся да яго з вялікай цікавасцю і пазітывам. Наўрад ці нехта мог адмыслова наскардзіцца праваахоўнікам. Іншых удзельнікаў з бел-чырвона-белымі сцягамі на мерапрыемстве ён не пабачыў.

«Людзі наадварот паціскалі мне руку, крычалі «Жыве Беларусь». Чалавек пяць зрабілі са мной сэлфі. Складаней бегчы са сцягам, бо ўвесь час трэба адказваць «Жыве вечна». Фота, размовы з людзьмі, у выніку дыханне збіваецца, вядома. Але гэта не галоўнае, я не прэтэндую на прызавыя месцы».

Сэлфі з Уладзем Сташкевічам

Затрымалі Уладзя пасля фінішу разам з медалём на шыі. Знясіленага паўмарафонца ўзялі пад рукі людзі ў цывільным спартовага целаскладу і адвялі ў аўтазак, дзе пратрымалі паўгадзіны.

«Я запытаў іх, ці вам гэта трэба, бо гэтая інфармацыя пройдзе па ўсіх медыях. Сілавік, хутчэй за ўсё КДБшнік, які затрымаў мяне, нават спыніўся, пачаў думаць, але ў выніку мяне змясцілі ў аўтазак. Здаровыя дзядзькі падыходзілі ды ўвесь час пыталіся, навошта я гэта зрабіў, навошта мне гэта трэба. Я ўзяў сцяг на паўмарафон у гонар 100-годдзя БНР. Усе беглі з нейкімі сваймі сцягамі. У нас жа не забаронены бел-чырвона-белы».

Бела-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня» былі афіцыйнымі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі з верасня 1991 года да чэрвеня 1995-га. Роўна 23 гады таму, 14 траўня 1995 года, Аляксандр Лукашэнка правёў свой першы рэферэндум, у выніку якога бела-чырвона-белы сцяг і «Пагоню» замянілі на сённяшнюю чырвона-зялёную сімволіку.

Пасля актывіста даставілі ў пастарунак Цэнтральнага РУУС для «высвятлення асобы». Там яго цягам трох гадзінаў пратрымалі разам з затрыманымі за распіццё алкаголю.

 

«Я сядзеў там як супергерой з медалём на шыі. Цікава, што да мяне прыязна ставіліся, ветліва размаўлялі, амапаўцы распытвалі пра паўмарафон».

На Уладзя склалі два пратаколы, а сцяг забралі на «экспертызу», паабяцаўшы аддаць праз 10 дзён. Спартовец кажа, што быў настолькі стомлены, што забыў узяць копіі пратаколаў.

«Адзін пратакол склалі пра адабранне сцяга, а ў пратаколе затрымання напісалі, што «бег з бел-чырвона-белым сцягам». Я пачуваўся вельмі кепска і амаль губляў прытомнасць, бо нічога не еў пасля забегу, а за паўмарафон згарае каля 2500 кілакалорыяў».

Менскі паўмарафон

У выніку міліцыянт дазволіў адпусціць Уладзя і паабяцаў звязацца з ім пазней.

«Я б зноў выйшаў са сцягам, чаму не. У мяне яшчэ тры ёсць! Але гэта вечнае пытанне: ці бел-чырвона-белы сцяг забаронены? Фактычна – не, але перыядычна нейкімі хвалямі ў нас такое здараецца».

Уладзь кажа, што сёлета меў мала часу на падрыхтоўку. Цяжка даліся апошнія 4 кіламетры. Нягледзячы на гэта, ён прабег паўмарафон (21,2 км) за 1 гадзіну 55 хвілінаў – на 5 хвілінаў лепей, чымся летась.

Хлопец з чырвона-зялёным сцягам збірае калону да Дня Волі за змены ў заканадаўстве аб мірных сходах!

***

Бел-чырвона-белы сцяг у Беларусі афіцыйна не забаронены. Грамадскія актывісты і арганізацыі не першы год спрабуюць давесці да ўладаў важнасць нацыянальных сімвалаў. Ужо некалькі гадоў ладзіцца кампанія для надання бела-чырвона-беламу сцягу статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. Сёлета ў траўні з ініцыятывы дэпутаткі Ганны Канапацкай прэзентавалі законапраект пра выкарыстанне і ахову бчб-сцяга. Яго мае разгледзець Палата прадстаўнікоў.

ДР belsat.eu

 

Глядзі таксама
Каментары