Хлопец з чырвона-зялёным сцягам збірае калону да Дня Волі за змены ў заканадаўстве аб мірных сходах!


Уладзь Сташкевіч, грамадскі актывіст, абаронца «Курапатаў» і сквера «Котаўка», чалавек з чырвона-зялёным сцягам на акцыі пратэсту недармаедаў у Менску лічыць, што час прыйшоў для кожнага выступіць са сваімі патрабаваннямі. Пад якім сцягам – другасна.

Уладзь выйшаў на марш недармаедаў у Менску пад незвычайнай для беларускіх акцыяў пратэсту сімволікай – дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам. Ён адмыслова ўвесь час ішоў наперадзе калоны, каб прыцягнуць увагу ўдзельнікаў маршу і журналістаў. Здзіўленне, пытанні і падзякі – такую рэакцыю назбіраў хлопец да свайго перформансу.

Ягоным сэнсам было пашырыць масавасць пратэстаў і паказаць тым, хто спакойна ставіцца да афіцыйнай сімволікі, што яны таксама могуць выходзіць.

«Акцыі пратэсту заўсёды праходзілі ў Менску і заўсёды пад бел-чырвона-белым сцягам, на беларускай мове. Гэтым разам я заўважыў, што на маршы недармаедаў стаў выходзіць учорашні электарат Лукашэнкі. Можа, для часткі гэтых людзей і цікава было б далучыцца, але яны думалі, ці будуць яны там да места пад бел-чырвона-белай сімволікай. Таму гэты афіцыйны сцяг павінен быў стаць такім маркерам, то бок, ён патэнцыйна можа дадаць да акцыяў новых удзельнікаў», – кажа Ўладзь.

На шэсці, а таксама пасля яго ў сацыяльных сетках, чырвона-зялёны сцяг побач з бел-чырвона-белымі выклікаў бурную рэакцыю. Да хлопца пастаянна падыходзілі і пыталіся, хто ён, і што гэта азначае. Але агрэсіўных каментароў не было. Былі тыя, хто казаў, што разумее такую пазіцыю, але сам пад гэтым сцягам не пайшоў бы.

«Мне здаецца, што я быў там адным з нямногіх, хто мог з такім сцягам выйсці. Нельга сабе ўявіць, што нехта з прадстаўнікоў апазіцыйных рухаў, партыяў выйдзе з такім сцягам. Яны сабе дазволіць такога не могуць. А простыя людзі не маюць досведу, яны зусім без сцягоў ходзяць», – разважае Уладзь. Сам ён не адносіць сябе да канкрэтных палітычных рухаў ці партыяў.

На Дзень Волі чырвона-зялёны сцяг Уладзь несці не збіраецца. У яго іншы планы. На яго думку, пратэсты, што зараз адбываюцца па ўсёй Беларусі – гэта станаўленне новага дэмакратычнага руху ў краіне. Наступае час, калі кожны павінен падумаць, што для яго важна, і прасоўваць свае патрабаванні. Для Уладзя найважнейшае – змены ў законе аб масавых мерапрыемствах.

Ён збірае паплечнікаў і аднадумцаў, каб выйсці калонай 25 сакавіка ў падтрымку рэформы заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

«Я лічу, што нашае заканадаўства аб масавых мерапрыемствах з’яўляецца галоўным лімітуючым фактарам у прасоўванні астатніх інтарэсаў. Зараз закон аб масавых мерапрыемствах такі, што па ім амаль немагчыма падрыхтаваць гэтае мерапрыемства.

Згодна з практыкамі еўрапейскіх дэмакратычных краінаў, першае, што патрэбна – гэта змяніць узгадняльны прынцып на заяўляльны.

Другое – каб заяўку можна было падаваць не пазней за 48 гадзін.

Трэцяе – зняць патрэбу замаўляць паслугі хуткай, міліцыі, МНС і плаціць за іх. Усё гэта павінна забяспечваць дзяржава, за гэта мы плацім ёй падаткі.

Чацвертае – зняць абмежаванне па месцах правядзення.

А таксама яшчэ б хацелася права на спантанныя дэманстрацыі і контрдэманстрацыі. Калі мы за суткі даведваемся, што да нас едзе нехта з расейскіх прапагандыстаў, каб мы маглі выйсці да вакзала і папратэставаць. Або калі хтосьці будзе ставіць свайго Леніна, каб можна было выйсці і сказаць, што нам не падабаецца».

З гэтай нагоды ў Facebook ужо з’явілася суполка «Мірны сход», а ідэяй зацікавіліся некаторыя прадстаўнікі НДА. Валанцёрская служба праваабарончага цэнтру «Вясна» падрыхтавала калектыўны зварот за рэфармаванне заканадаўства аб мірных сходах.

«Зараз у мітынгах заўважнымі сталі асобныя групы, якія ідуць са сваімі мэтамі. Выходзіць «Рух маці 328», вядома, што 25-га збіраюцца асобнай калонай ісці студэнты. Я думаю, мы таксама маглі б пайсці сваёй калонай, прасоўваючы менавіта ідэю зменаў у закон аб масавых мерапрыемствах», – кажа Уладзь Сташкевіч.

Пасля затрыманняў 15 сакавіка Ўладзь сумесна з юрыстам Zvarot.by стварыў петыцыю супраць бязмежжа дзеянняў міліцыянтаў, пад якой падпісаліся ўжо больш за 600 чалавек. Акрамя подпісу, было прапанавана тэлефанаваць у Генеральную пракуратуру і пытацца ўваходны нумар зварота, і ці ведаюць яны пра жудасныя падзеі якія цяпер адбываюцца ў Беларусі.

«У мяне проста абвостранае пачуцце несправядлівасці. Я закіпаю, мяне гэта натхняе, матывуе, і я пачынаю дзейнічаць», – кажа Ўладзь.

Пра свой выхад з чырвона-зялёным сцягам на вуліцы Менску хлопец не шкадуе, наадварот. Ён задаволены рэакцыяй і ўпэўнены, што з’яўленне афіцыйнага чырвона-зялёнага сцяга на акцыі пратэсту абмяркоўваюць і ў дзяржкабінетах.

І здзекуецца, што было б смешна паглядзець, калі б чалавека з афіцыйнай сімволікай пачалі затрымліваць і вязаць міліцыянты.

Вераніка Чыгір, belsat.eu

Стужка навінаў