«Патрабуем адстаўкі дармаедаў з улады». Як прымаюць звароты ў Адміністрацыі прэзідэнта


Тут прымаюць звароты ад беларусаў для разгляду на самым высокім узроўні. Ахоўнік просіць Паўла Севярынца пакінуць мабільны тэлефон у скрынцы і забраць з сабой ключ: тут забаронена рабіць фота і відэа. 

Серабрысты кінескопны тэлевізар без гуку паказвае перадачу пра здароўе на канале «Расея». Металёвая скрыня камеры захоўвання абвітая штучнымі ліянамі, а побач, за супрацоўнікам службы бяспекі – штучная пальма. За сталом корпаюцца ў паперах пару бабуль.

Каб трапіць у прыёмны пакой, неабходна прайсці праз металашукальнік і абавязкова прадявіць пашпарт. Служба бяспекі некалькі хвілін перапісвае звесткі з дакументаў ды прапаноўвае пачакаць у жывой чарзе.

Тут ужо сядзяць дзве жанчыны ў дужа сталым узросце. Калі зайшоў Павал Севярынец з групай журналістаў, яны ажыўлена, перарываючы адна адну, сталі скардзіцца.

У адной з іх бацькі загінулі ў Трасцянцы. На крэсле – цэлы пакет перапіскі з чыноўнікамі розных інстанцый. Яна дамагаецца дапамогі ў рамонце. Убачыўшы, што Павал Севярынец уважліва выслухоўвае, яна расказала пра сваё жыццё, панаракала на бюракратаў ды сказала, што «ваявала» нават з Пазняком.

«А з Пазняком-та чаму?» – усміхнуўся Павал.

«Ён хацеў нас да панскай Польшчы», – гаворыць бабуля.

«Ну што Вы! Ён з Іўеўшчыны, з сялянскай сям’і. Як ён можа быць за паноў?» – адказвае Павал.

Ахоўнік службы бяспекі, загадчык змены, які не пусціў Севярынца праз парадны пад’езд, ды яшчэ адзін супрацоўнік у цывільным ледзь не праз смех слухаюць гэтую размову. Верагодна, яны штодзень сведкі такіх «споведзяў».

Другая жанчына хоча адсудзіць 18 000 долараў, якія быццам бы яна праз падман заплаціла пры будаўніцтве.

Ахоўнікі звяртаюцца да іх па імю па бацьку. Павал просіць першую прапусціць яго наперад: сваю заяву яна ўсё роўна яшчэ не дапісала, а Севярынца на вуліцы чакае натоўп журналістаў.

Загадчык прыёмнага пакою Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Ламаносаў флегматычна перапісвае пашпартныя звесткі у журнал.

Павал паказвае зварот ды скрыншот з сацыяльнай сеткі «Аднакласнікі».

«Заканадаўствам прадугледжаная такая форма?» – пытаецца Ламаносаў.

«Вы можаце самі паглядзець на сваім камп’ютары акаўнт…» – адказвае Севярынец.

«Не магу. Ён без інтэрнэту», – адсёк чыноўнік.

Хвілінаў дзесяць ён нешта пісаў, урэшце папрасіў дадаць адрас, куды слаць адказ, ды падшыў два аркушы паперы Севярынца.

Палітык не атрымаў адказу з Адміністрацыі на папярэдні зварот пра забарону расейскіх каналаў і ўключэнне ў сетку вяшчання «Белсату».

«Не атрымалі – выкладайце ўсё пісьмова. Можа, не дайшоў ліст. Часам людзі атрымліваюць, а кажуць, што не атрымалі», – адказаў Ігар Ламаносаў.

Даўжэй за сустрэчу ў прыёмным пакоі Павал Севярынец чакаў, пакуль прыедзе хуткая дапамога для Ніны Багінскай. Пенсіянерка прыйшла падтрымаць Паўла да Адміністрацыі, ёй раптоўна стала блага.

Чаго чакаць далей, і на якія вынікі разлічвае палітык?

«Запрашаем беларусаў на акцыі 17 лютага і 15 сакавіка патрабаваць не толькі адмены дэкрэту, але і адстаўкі дармаедаў, што сядзяць у Адміністрацыі прэзідэнта», – сказаў у інтэрвю журналістам Павал Севярынец.

ХМ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары