Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка заклікаў украінцаў і сусветную супольнасць не забываць ахвяраў таталітарызму.
Пра гэта кіраўнік Украіны сказаў падчас сумеснага ўшанавання з прэзідэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім памяці ахвяраў таталітарызму, падае unian.net.
«Забытыя грахі – гэта грахі не дараваныя. І калі гаворка ідзе пра зверствы таталітарызму, пытанне: памятаць гэты грэх ці не, становіцца выбарам – быць ці не быць чалавекам», – сказаў Парашэнка.
Кіраўнік Украіны адзначыў, што сёння ён і Камароўскі прыйшлі ў Нацыянальны гісторыка-мемарыяльны запаведнік «Быкоўненскія магілы», каб не забыць пра жахі, якія ўкраінскі і польскі народы перажылі ў XX стагоддзі. «І каб, не дай Бог, ніколі не паўтарыліся Бабін Яр, Быкоўня, Катынь, і каб ніколі не паўтарыліся Галакост або Галадамор», – сказаў Парашэнка.
Прэзідэнт Украіны нагадаў, «што савецкая імперыя ў тыя часы ператварыла ў Быкоўню ўсю Украіну». «На прамы загад Сталіна і Берыі, без усялякага суда, без следства тысячы польскіх афіцэраў, тысячы прадстаўнікоў інтэлігенцыі былі знішчаны ў засценках НКВД і пахаваныя, у тым ліку, тут, на залітай крывёю зямлі, у Быкоўні», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
На ягонае меркаванне, «Быкоўненскія магілы» з’яўляюцца «рэхам чорнага верасня 1939 года, калі Гітлер разам са Сталінам зладзілі крывавую бойню Другой сусветнай вайны, а тады паспрабавалі падзяліць і раскалоць Еўропу». «Цяжка сабе ўявіць, але словы «аншлюс», «анексія», «акупацыя» і цяпер набылі асаблівую актуальнасць для Украіны».
МЯ, паводле unian.net