Палітзняволенаму Ігару Аліневічу сёння спаўняецца 31 год


Асуджаны «па справе анархістаў» цяпер знаходзіцца ў калоніі «Віцьба-3».

Сёлета Ігара Аліневіча перавялі ў віцебскую калонію з Наваполацку.Падставаю для пераводу стаўся падпісаны ў канцы траўня ўказ прэзідэнта аб расфармаванні некалькіх папраўчых калоній «для аптымізацыі структуры крымінальна-выканаўчай сістэмы», у тым ліку ПК-10 Наваполацку, дзе адбываў пакаранне Аліневіч.

Доўгі час родныя палітзняволенага не ведалі пра яго месцазнаходжання. Як паведаміла БелаПАН маці зняволенага Валянціна Аліневіч, апошні раз яна сустракалася з сынам незадоўга да яго пераводу ў віцебскую калонію, а ў пачатку верасня Ігар упершыню за паўгода патэлефанаваў ёй. «Пра якія-небудзь навіны з турэмнага жыцця Ігара я не ведаю, ён не расказвае. Падчас рэдкіх спатканняў бачу, як ён пасталеў, але не зламаны духам, застаўся такім жа годным і прыстойным чалавекам. Вельмі шмат чытае. Напэўна, праблемы, пра якія я ведаю, – гэта недахоп кніг і некаторыя праблемы са здароўем», – расказала Валянціна Аліневіч.

На пытанне, ці спадзяецца яна, што Ігара могуць вызваліць датэрмінова ў сувязі з пацяпленнем адносін афіцыйнага Менску з ЕЗ і ЗША, жанчына адказала: «Ёсць добрая фраза – не вер, не бойся, не прасі. Яна выверана ўсім нашым жыццём. Час надзей у добрых цароў, Еўропу і Амерыку даўно прайшоў. Я веру толькі ў Бога, у тое, што ён дасць сілы майму сыну, іншым палітычным – і не толькі палітычным – зняволеным, іх сваякам і ўсім нармальным людзям перажыць гэтыя смутныя часы».

У траўні 2011 года суд Заводскага раёна Менску асудзіў Ігара Аліневіча на падставе ч. 2 арт. 339 (зацятае хуліганства) і чч. 2, 3 арт. 218 (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці) Крымінальнага кодэкса. Ён прыгавораны да васьмі гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Выйсці на волю Аліневіч павінен у верасні 2018 года.

Працэс па справе пецярых беларускіх анархістаў атрымаў шырокі грамадскі рэзананс. Маладыя людзі былі абвінавачаныя ва ўчыненні нападаў на будынкі і падпалаў, у прыватнасці ў правядзенні несанкцыянаванай антываеннай акцыі каля будынку Мінабароны ў 2009 годзе, закідванні бутэлькамі з запальнай сумессю тэрыторыі пасольства Расеі ў Менску і будынку Цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна ў 2010 годзе. Ім таксама ставілі ў віну напады на іншыя будынкі: закідванне фаерамі сталічнага казіно «Шангры-Ла» і будынку Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, спробы падпалу аддзяленняў «Беларусбанка» і «Банка Масква-Менск», аддзялення міліцыі ў Салігорску.

Праваабаронцы прызналі Ігара Аліневіча палітычным зняволеным. У снежні 2013 года ён стаў уладальнікам першай прэміі імя Францішка Аляхновіча за кнігу «Еду ў Магадан». Прэмія заснавана беларускай службай «Радыё Свабода» і Беларускім ПЕН-цэнтрам за лепшы твор, напісаны ў няволі.

БелаПАН

Стужка навінаў