Гліна помніць чалавека


img_6427

Маладыя гарадзенцы з’ехалі на вёску, каб заняцца ганчарствам і злавіць «дзэн».

Да Лужкоў з Горадні ехаць паўгадзіны. Саша сустракае нас шырокай усмешкай і запрашае ў сваю хату, куды ён пераехаў амаль год назад. З-за дзвярэй хутка вылятаюць чатыры малыя кацяняткі, на якіх нервова брэша галоўны ахоўнік участку – сабака Дым.

«Забраў, каб не памерзлі. Шкада, – тлумачыць юнак. – Горш за ўсё, што котка ізноў пузатая ходзіць. У мяне ажно вока дрыгаецца, калі яе бачу. Не ведаю, што з гэтымі катамі рабіць. Забірайце, калі ласка!».

img_6194

Малыя пухнатыя камочкі пацягнуліся за намі ў шырокую светлую залу, дзе Саша працуе. Пасярод майстэрні – вялікая печка. Стаіць шафа з паліцамі, на якіх сушацца свежыя гліняныя талеркі.

«Як я стаў ганчаром? Пачалося ўсё з таго, што бацькі мяне з братам выгналі з хаты, з зоны камфорту. Засядзеўся я ўдома, – прызнаецца Саша. – Гэта быў вельмі правільны штуршок, за які я ім вельмі ўдзячны».

«Прытулак я знайшоў тады ў сябра, які жыў у прыватным доме за горадам. Ён жа нас і пазнаёміў са сваймі сябрамі з Малога Запруддзя, якія даўно займаюцца керамікай. Дамовіліся паехаць да іх. Паглядзець, павучыцца, паляпіць з гліны. Я да іх яшчэ на два тыдні ўзімку ездзіў асобна, а потым аформіўся як рамеснік, і цяпер працую», – кажа малады ганчар.

img_6401

Мінулай зімой Саша разам з братам Яўгенам вырашылі пераехаць на вёску ў дом сваёй бабулі. У горадзе яму жыць не падабалася, бо было вельмі шумна і брудна.

«На вёсцы можна «дзэн» злавіць. Устаў раніцай, сабаку пакарміў, печку распаліў і займаешся сваймі справамі. Нічога ўвагу не адцягвае. Калі стомішся, выйшаў на вуліцу, свежым паветрам падыхаў і заліпаеш на прыроду. Увесну тут асабліва хораша».

img_6422

Як распавядае свежаспечаны ганчар, на пачатку трэба аформіцца ў якасці рамесніка. Пасля ўстаць у чаргу на датацыі, якія выплачвае дзяржава. Прадставіць бізнес-план, прайсці ўсе бюракратычныя перашкоды. Гэта самае цяжкае. У выніку малады рамеснік атрымаў $ 800 на абсталяванне і матэрыялы. Набыў на іх 100 кг гліны на керамічным заводзе ў Міры.

«Нам тады нават экскурсію зладзілі. Паказалі вытворчасць. Запрашалі актыўна на працу. Вабілі заробкамі ў 4 мільёны. Добрыя заробкі, канешне, але я тактычна вырашыў адмовіцца ад такога шчасця», – пасміхаецца юнак.

img_6327

Перад тым, як заняцца ўласнай гаспадарчай дзейнасцю, Саша паспрабаваў шмат магчымасцяў, якія прапануе маладым большасць беларускіх гарадоў: 4 гады правучыўся ў хіміка-тэхналагічным каледжы (які не скончыў, аб чым абсалютна не шкадуе).

Пасля змяніў каля 20-ці працаў. Пачынаў з продажы патэльняў і фільтраў для вады, працаваў на будоўлі, усталёўваў пластыкавыя вокны, а закончыў працай на прадпрыемстве па вытворчасці матрацаў у Гожы. Сыход адтуль юнак узгадвае з вялікай палёгкай.

img_6301

«Дзякуй Богу, убярог! Тыдзень пасля таго, як я сышоў, здарыўся пажар, у якім тры чалавека трапілі ў шпіталь з жудаснымі апёкамі. Там жа як? Стаіць два цэха. У адным холадна, у другім горача. У адным ляжаць матэрыялы для вытворчасці матрацаў, у другім мы працуем, склейваем іх. І калі пераносіш спружыны з халоднага ў цёплае памяшканне, утвараецца статыстычнае напружанне і спружыны пачынаюць лупіць токам. Часам такія разрады атрымоўваў харошыя, ледзь сэрца не спынялася. А можна было проста паставіць іанізатары. Аднак немцы, якія будавалі завод, асабліва не хваляваліся. Мы, беларусы, для іх – як кітайцы».

img_6363

Саша звольніўся пасля выпадку, калі ў яго руках загарэўся матрас.

«Я яго хацеў пакласці на палету, а ён успыхнуў знутры. Калі кінуў, пад ім яшчэ чатыры матраса ляжала – усе запалалі. Навокал яшчэ купа матрацаў стаіць. А вогнетушыцелі пустыя на дадатак. Нейкіх два буталя з вадой стаялі побач. Неяк патушылі. На шчасце. Вось такія ўмовы працы. Такое ў нас кіраўніцтва».

У той момант юнак зразумеў для сябе, што, працуючы на заводзе, ні грошай не заробіш, ні шчаслівым не будзеш.

«Цяпер я шчаслівы»

Багатых ганчароў у прыродзе не існуе, – прызнаецца рамеснік. – Аднак цяпер я ад нікога не залежу. Сам сабе гаспадар. Магу зарабіць за сезон, калі падрыхтуюся добра і папрацую цэлае лета».

img_6402

Для ганчара сезон – гэта вясна, лета і ранняя восень, калі праходзяць кірмашы і фестывалі.

«На жаль, за мінулы сезон мы пабывалі толькі на адным кірмашы, бо яшчэ дакладна не ведалі, як падавацца. Калі быў дзень гораду, 888 гадоў, мы ўсё ж такі вырашыліся і паехалі. І сапраўды прадаліся вельмі ўдала. Зарабілі ўдвая болей, чым іншыя ганчары. Старэйшыя і больш дасведчаныя рамеснікі, падыходзілі да нас і казалі:» Здорава! Такога посуду мы ані разу не бачылі. У вас, хлопцы, эксклюзіў – свой стыль». І нават керамісты, якія каля нас стаялі, падыходзілі і куплялі ў нас посуд».

img_6183

На самым пачатку браты спрабавалі прадаваць свой посуд на кірмашы ў Скідзелі, аднак продаж ішла вельмі дрэнна. Тады вырашылі аддаваць вырабы на рэалізацыю ў гарадзенскія этна-крамы.

«Мне гаспадар «Цудоўні» неяк сказаў, што мае ўзоры падобныя на малюнкі краманьёнскай эпохі. Я пасля праверыў. І праўда! Адзін у адзін. Магчыма, развіццём ад іх недалёка адышоў», – жартуе хлапец.

img_6389

На cёння, пакуль яшчэ не зробленае ганчарнае кола, маладыя рамеснікі вырабляюць талеркі, накладаючы на іх сурвэткавыя ўзоры.

Самаробныя сурвэткі ахвяравала бабуля ўзамен на гатовы посуд. Хлопцы эксперыментуюць таксама з прыроднымі матывамі, адціскаючы на кераміцы ліст лапуха, шыпшыны, клёна і іншых раслін. Злеплены і ўпрыгожаны посуд запякаюць у малацэ, якое купляюць у суседкі. Той, каго ў дзяцінстве адпраўлялі да бабулі на вёску, з лёгкасцю адчуе салодкі пах свежага сырадою, які далікатна даносіцца ад талерак.

img_6202

«Гэта самы экалагічны посуд, – кажа Саша. – Раней як было? Кожная гаспадыня, якая сябе паважала, мела для розных страў асобныя збаночкі і гаршчочкі, таму што падчас гатавання ежы, посуд насычаўся спецыямі і смак за кожным разам станавіўся яшчэ лепшым».

«Гліна – гэта такі матэрыял, каторы ўсмоктвае энергетыку чалавека, які да яе дакранаецца. Гліна яго помніць. І кераміка ручной працы зусім па-іншаму адчуваецца чалавекам і па-іншаму яму служыць, – распавядае рамеснік. – Калі ты яе робіш сам, то ў працэсе адчуваецца нейкая магія. Ты можаш памерці, але посуд, які ты зрабіў, праз 2 тысячы гадоў могуць адкапаць недзе ў зямлі і на ім будзе адбітак твайго пальца на ручцы ад кубка. Кераміка нясе дух эпохі».

img_6249

З дрэнным настроем да гліны лепш не падыходзіць, бо нічога не атрымаецца, – лічыць малады ганчар, які часам нават медытуе перад працай. У будучыні ён плануе заняцца чорнай керамікай, амаль забытай на Гарадзеншчыне.

«У мяне такая мара ёсць, каб у кожнага чалавека ў хаце стаяў мой посуд. Таму я раблю яго не вельмі дарагім, у сярэднім 7 рублёў. Рэчы павінны быць даступныя, каб людзі маглі іх сабе іх дазволіць».

img_6305

Увесну Саша разам з братам садзяць бульбу з кабачкамі, за хатай трымаюць бацькоўскія вуллі. Хочуць пасадзіць сад. Акрамя таго, Саша марыць пасля 25-ці гадоў пайсці пешкі ў кругасветную вандроўку. Яго ўвесь час да сябе клічуць сябры, якія жывуць за мяжой, аднак хлопец пакуль не плануе з’язджаць.

img_6407

«Мне падабаецца гэты дом, гэтая зямля. Я хачу, каб сюды з часам прыязджалі людзі, вучыліся ляпіць, адпачывалі. Козачак хачу завесці. Раней фазанаў трымаў з перапёлкамі, але выпусціў пасля на волю».

img_6237

«Многа маіх знаёмых пераязджаюць жыць у вёску. Пажадана, канешне, мець сваю справу, бо ўладкоўвацца ў гас за два з паловай мільёна трактарыстам… Я б не змог працаваць так круглы год, без выходных, кожны дзень, ад ранку да вечара, а людзі ў калгасе менавіта так і працуюць. Не будзьце, як усе. Шукайце нешта сваё», – раіць малады ганчар.

Наступная выстава ганчарнай творчасці братоў Ражко адбудзецца 28 лістапада на святочным кірмашы ў Новым Замку ў Горадні.

Паўліна Валіш

Глядзі таксама
Каментары