Па прыгоды – на Палессе: экзатычны адпачынак на радзіме як альтэрнатыва заморскім курортам


Сезон адпачынкаў – самы час шукаць захапляльныя прыгоды. Але замежная экзотыка масаваму турысту звычайна не па кішэні. Таму беларусы па-ранейшаму выдаткоўваюць грошы на Турэччыну ды Балгарыю. Найбольш прасунутыя сёлета едуць у Грэцыю. Варыянт адпачынку на радзіме традыцыйна разглядаюць на той выпадак, калі грошай зусім мала. Аднак, няшмат хто ведае, што як раз у Беларусі лёгка знайсці сапраўдную не масавую экзотыку, а калі трэба, то і экстрым. Наравістая і непрадказальная Прыпяць, атачоная балотамі, дзе не ступала нага чалавека – адно з такіх месцаў. Недарма яе называюць беларускай Амазонкай.

[vc_single_image image=”1″ img_size=”large”]

Лунінец

Адсюль можа пачынацца падарожжа на Палессе. Для невялікага гарадка гатэль тут шыкоўны. Вялізарны двухпакаёвы нумар з усім неабходным каштуе каля 300 тысяч беларускіх рублёў за содні. Працаўнікі кажуць, што попытам «Юбілейны» карыстаецца, амаль усе нумары занятыя. Праўда, у асноўным – камандзіровачнымі.

Цывілізацыя ў выглядзе бясплатнага wi-fi дасюль пакуль не дайшла. А галоўны непрыемны сюрпрыз чакае зранку: сняданку не будзе пры любым раскладзе – рэстаран не працуе ўвогуле. Некалі яго хацеў выкупіць бізнесовец з Літвы, але мясцовыя ўлады заламалі непадемны кошт. Таму шыкоўны рэстаран прадпрымальнік адчыніў… у суседнім Пінску, а лунінецкім – пакуль пустуе. Хочаце больш экзотыкі, адпраўляйцеся адразу на аграсядзібу.

Сон на вуллях, паходы па дзікіх мясцінах…

Сон на вуллях – паслуга, якую прапаноўваюць на аграсядзібах у вёсцы Лахоўка Лунінецкага раёну. Не, джгаць чалавека пчолы не будуць, а толькі гусці, бо госць спіць у адпаведнай хатцы, пабудаванай на вуллях. Як сцвярджае гаспадар сядзібы «Прыпяцкі плёс». Анатоль Нефідовіч, гэткі гул стварае вібрацыю карысную для здароўя, падвышае імунітэт ды расслабляе цягліцы. Ідэю ён пазычыў ва ўкраінскіх пчаляроў.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

А для кліентаў, якім падабаюцца прыгоды ў дзікіх некранутых мясцінах, у Нефідовіча падрыхтаваны цэлы шэраг маршрутаў: пешшу, па вадзе на байдарках, камбінаваныя. Турысты сплаўляюцца па мясцовых рэках, назіраюць за птушкамі з Чырвонай кнігі, ночаць на выспах, вандруюць па заказніку «Альманскія балоты», рыбачаць ды купаюцца на беласнежных пляжах. Усё неабходнае для паходаў абсталяванне можна ўзяць на пракат наўпрост на месцы.

Адпачываюць ад вандровак турысты на самой аграсядзібе: смажаць шашлык, вараць юшку на вогнішчы. Умовы тут, можа, і не такія, як у пяцізоркавых гатэлях, але не горш за гарадскія: душ, прыбіральня, чыстыя пакоі ды лазня – у наяўнасці. Дый кошты на паслугі даступныя.

[vc_single_image image=”6″ img_size=”large”]

Пры неабходным інструктажы палесскаму экстрыму дасць рады нават падлетак. А калі дзеці зусім малыя, на суседняй аграсядзібе ёсць паслуга па дагляду, каб бацькі маглі паехаць на экскурсію.

Падаецца, што пры такім наборы паслугаў, адбою ад турыстаў быць не можа. Аднак госці на «Прыпяцкім плёсе» з’яўляюцца прыкладна раз на тыдзень. Гаспадыню Ірыну Нефідовіч гэта не бянтэжыць. «Каб было болей народу, не далі б рады» – кажа яна. Работы на сядзібе шмат, а працуюць гаспадары ўдваіх. Можа, таму з уладарамі бліжэйшай агра-сядзібы «На прасторах Палесся». Нефідовічы супрацоўнічаюць, не баяцца і з’яўлення новых канкурэнтаў.

Звычайна гаспадары аграсядзібаў шукаюць кліентаў праз інтэрнэт. Некаторыя госці даведваюцца пра паслугі дзякуючы грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Бо менавіта дзеля бёрдвочынга (назірання за рэдкімі птушкамі) і едзе на Палессе большасць замежнікаў. Апошнія складаюць прыкладна палову ад усіх гасцей.

«Далі пячатку і ручку – працуйце»

Турыстамі на Прыпяці займаюцца не толькі прыватнікі. Дзяржаўная прыродаахоўная ўстановы заказнікі «Сярэдняя Прыпяць» і «Альманскія балоты» таксама прымае людзей. Часцей за ўсё гэта экскурсійныя групы і асобныя госці з Беларусі.

Але бываюць замежнікі і тут. Бёрдвочынг, паляванне, водны шпацыр па рацэ на катары, велатуры, экскурсіі па Альманскіх балотах, выступ фальклорных гуртоў. Адначасова размясціць на начоўку тут могуць каля 20 чалавек. 150 тысяч за содні плацяць турысты ў працоўны дзень. Адпачынак усей сям’ёй без харчавання абыдзецца недзе каля мільёна беларускіх рублёў за содні. Аднак кошты «плаваюць», усе залежыць ад попыту. Напрыклад, у 2015 годзе сітуацыя з турыстамі пагоршылася.

«Гэты год няпросты для беларусаў, я баюся, што сёлета людзі не маюць грошай на адпачынак», – кажа Іван Яхнавец дырэктар заказнікаў.

[vc_single_image image=”9″ img_size=”large”]

Тым не меней ён працягвае «круціцца» не горш за бізнесоўца.

«Калі мяне ў 2007-м годзе прызначылі на пасаду, мы нічога не мелі, мне далі толькі пячатку, ручку і сказалі працуйце!» – распавядае спадар Іван.

З той пары, у вёсцы Кораб’е з’явіўся экалагічна-асветніцкі цэнтр. А побач – паромная пераправа праз Прыпяць, якая звязала лунінецкі ды столінскі бакі. Пераправіцца на другі бок можна і на аўта. Раней, каб трапіць з лунінецкага раёну ў столінскі, трэба было ехаць ў аб’езд ажно 120 кіламетраў. Турысты з Менску ўвогуле не даязджалі да Століншчыны, бо кіламетраж складаў болей за тры з паловай сотні. Менчукам было прасцей паехаць на ўсім вядомыя Браславы. За тры гады існавання пераправы турыстаў стала болей прыкладна ў чатыры разы, а дом у Кораб’і, які некалі каштаваў усяго 50 $, цяпер можна памяняць на кватэру ў Пінску.

Аднак галоўная задача ўстановы, якую ўзначальвае Яхнавец, дбаць пра навакольнае асяроддзе ў заказніках. Бо «дзікіх» турыстаў на Прыпяці таксама хапае.

[vc_single_image image=”11″ img_size=”large”]

Прыпяць

У працоўны дзень бераг ракі выглядае даволі бязлюдна. У такія моманты шанец убачыць птушак ды жывёлу з Чырвонай кнігі – стоадсоткавы. Усё мяняецца ўвечар пятніцы. Намёты і рыбакі – на беразе, катары, байдаркі ды маторныя лодкі – на вадзе. Рака пераўтвараецца ў ажыўлены праспект, з адной толькі розніцай: удзельнікі руху пры сустрэчы вітаюцца адно з адным, як добрыя знаёмыя.

Чым далей уніз па рацэ, тым болей смецця на беразе. Тыя, хто адпачывае на Прыпяці далёка не заўсёды клапоцяцца пра навакольнае асяроддзе.

«Гэта на сумленні людзей: напрыклад, вогнішча на тэрыторыя заказніка паліць можна, але на пяску, там дзе не будзе шкоды прыродзе. Парушальнікаў штрафуем падчас адпаведных рэйдаў» – каментуе Яхнавец.

Але сама назва Прыпяць шмат у каго асацыюецца яшчэ і з падвышаным радыяцыйным фонам. На словы чыноўніка, у некаторых месцах заказніка ён сапраўды ёсць. Аднак мясцовыя жыхары распавядаюць, як турысты з Масквы рабілі замеры дазіметрам у некалькіх месцах. Высветлілася, што радыяцыйны фон на беразе ракі… меншы, чым у расейскай сталіцы.

Ні праехаць – ні прайсці

Не, праехаць да ракі, канешне, можна, але па некаторых прасёлачных дарогах – толькі ў сухое надвор’е, ды на аўта з моцным рухавіком. Пасля дажджоў – рыхтуйцеся да сапраўднага экстрыму. Нават гравійка да паромнай пераправы праз Прыпяць спрэс выпрабаванне для падвескі. Ну, і не варта чакаць шмат крамаў з прадуктамі побач з месцамі адпачынку. Пра ежу лепей клапаціцца загадзя. На некаторых аграсядзібах нават гатуюць толькі з таго, што прывезлі самі турысты.

А самая надакучлівая праблема адпачынку на «беларускай Амазонцы» – камары. Толькі гэты сезон – пакуль выключэнне. Для крывасмокаў не стае вільгаці. Маласнежная зіма, сухія вясна і восень зрабілі сваю справу.

Чырвонае золата

Гэтак на Лунінеччыне называюць суніцы, якія вырошчваюць тут у такіх аб’ёмах, што вёску Дварэц называюць «сунічнай сталіцай», а ягады адсюль вязуць не толькі ў Менск ды іншыя беларускія гарады, але і ў Расею. За кароткі сезон жыхары зарабляюць грошай на цэлы год.

Сёлета тут пабудавалі асфальтаваную пляцоўку для больш зручнага гандлю. З самай раніцы туды едуць прадстаўнікі беларускіх прадпрыемстваў, потым ягады ў вяскоўцаў прымаюць у асноўным бізнесоўцы каўказскага паходжання. Натуральна, што «закупіцца» суніцамі прыязджаюць не толькі аптовыя пакупнікі але і турысты. Бо нават у розніцу ягады абыдуцца ў два разы танней. Праўда тут варта быць уважлівымі – на сунічным рынку, як на біржы, кошты могуць мяняцца за лічаныя хвіліны. Але, як кажуць мясцовыя жыхары, «калі вы не набылі сабе суніцы, вы не былі на Лунінеччыне».

ГМ, АЗ, belsat.eu

Стужка навінаў