Інцыдэнт здарыўся ў Жыткавіцкім раёне 24 красавіка. Супрацоўнікі ДАІ заўважылі грузавік, які ехаў, віляючы з боку ў бок.
Аўтамабіль затрымалі, а кіроўцу прапанавалі прайсці медычны агляд, ад чаго 49-гадовы жыхар Берасцейскай вобласці адмовіўся. Каб пазбегнуць адміністрацыйнага пратаколу, мужчына прапанаваў праваахоўнікам хабар у два мільёны.
У службовым аўтамабілі вёўся відэазапіс. Супрацоўнік ДАІ папярэдзіў пра гэта пʼянага кіроўцу, дадаўшы, што хабар караецца крымінальна. Аднак мужчына без ваганняў адлічыў грошы і паклаў на панэль.
Мужчыну затрымалі, супраць яго распачатая крымінальная справа за спробу дачы хабару. Парушальніку пагражае да 5 гадоў турмы.