Мясцовае кіраванне ў Беларусі зруйнаванае, сцвярджаюць удзельнікі праграмы «Форум».
Людзей, што здатныя ўзяць на сябе адказнасць за справы свайго гораду, раёну, вёскі ў нас даволі. Але ўлада проста іх не бачыць і не жадае слухаць. Ад гэтага грамадства робіцца проста нежыццяздольным.
Напрыканцы 2014 года старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што трэба хіба адмяніць выбары мясцовых сельскіх саветаў.
Самакіраванне – падмурак дэмакратычнай пабудовы грамадства знізу даверху – у нашай краіне проста адсутнічае.
Госці праграмы «Форум» разважаюць аб праблемах самакіравання ў Беларусі.
«Не могуць усе ўзроўні ўлады адказваць за адно і тое ж. Гэта называецца безадказнасць. Тая вертыкаль, якая сёння існуе, не адказвае ні за што, яна выконвае загады прэзідэнта», – кажа Святлана Гальдадэ, старшыня Гомельскага гарсавету ў 1991–1996 гадах.
«Трэба змяніць заканадаўства так, каб адказнасць мясцовых органаў улады была перад людзьмі», – мяркуе Міраслаў Кобаса, старшыня Фонду імя Льва Сапегі.