Новы батальён жанчын-жаўнераў у Афганістане: разміноўваюць і шукаюць тэрарыстаў

video

Нягледзячы на рост гвалту і ціск кансерватыўнага грамадства, маладыя жанчыны хочуць на роўных з мужчынамі абараняць радзіму ад Талібану ды іншых фанатыкаў-ісламістаў.

Сёлета Акадэмія вайсковага рыхтавання ў Кабуле зарганізавала новы набор дзяўчат для службы ў войску. У групу трапілі каля 150 рэкрутак, шмат якім з іх нядаўна споўнілася ўсяго 20.

Жанчыны-жаўнеры трэнуюцца асобна ад мужчынаў, але план заняткаў падобны: фізічнае рыхтаванне, агнявая зброя, тактыка, медычная дапамога, разміноўванне ды пошукавыя аперацыі.

У адрозненне ад многіх афганцаў (яшчэ 10 гадоў таму 57 % мужчын і 87 % жанчын былі непісьменныя), гэтыя дзяўчаты атрымаюць адукацыю ды маюць шанец уладкавацца на працу паза арміяй. Тыя, хто захоча застацца служыць, змогуць дапамагаць афганскаму спецназу. Напрыклад, падчас начных рэйдах, дзе часта праз культурныя асаблівасці патрэбная дапамога пры вобшуках дамоў.

Цяпер Афганская нацыянальная армія налічвае 900 жанчын-жаўнераў. Значна менш, чым пастаўленая мэта ў 5 тысяч (паводле спецыяльнай справаздачы ўрада ЗША па рэканструкцыі Афганістана (SIGAR)).

Паводле ААН, Афганістан застаецца адным з самых небяспечных месцаў у свеце для жанчын. Далёка не ўсе вітаюць баявы настрой дзяўчат. Шмат хто з іх не можа вярнуцца дадому праз пагрозы талібаў, сваякоў-мужчын ці проста мясцовых жыхароў. Вынікі леташняга апытання дабрачыннай арганізацыі A.S.I.A. паказалі, што 60 % афганцаў супраць таго, каб жанчыны працавалі ў арміі альбо паліцыі.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары