Ніхто не хоча купляць беларускага


Чацвёрты год запар падае беларускі экспарт. З 2012 года ён абрынуўся больш як удвая.Сёлета да гэтага спрычынілася змяншэнне сусветных коштаў на сыравінныя тавары, якія экспартуе нашая краіна. Калійная соль у студзені–траўні каштавала на 10 % менш, чым у аналагічны перыяд мінулага года, а нафта і нафтапрадукты – на траціну танней. Адмыслоўцы канстатуюць: істотнага падаражэння сыравінных тавараў у агляднай будучыні не прадбачыцца.

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей абмеркаваў правальныя вынікі сёлетняга замежнага гандлю на адмысловай сустрэчы з дыпламатамі.

«Паказнікі экспарту за пяць месяцаў не могуць радаваць. Заданне на 2016 год не выконваецца. (…) Больш за ўсё праселі пастаўкі нафты і нафтапрадуктаў, звадкаванага газу і ўгнаенняў», – казаў Уладзімір Макей.

Але прычына – не толькі ў замежных рынках. Продажы беларускай тэхнікі ў Расею, напрыклад, падаюць імклівей, чым тамтэйшы попыт. За апошнія чатыры гады доля МАЗу на расейскім рынку скарацілася ўдвая.

Адна з нешматлікіх галінаў, дзе экспарт павялічваецца, – сельская гаспадарка. Але за выключэннем кантрабанднага рээкспарту заходніх харчоў у Расею гэты гандаль прыносіць нашай краіне адно страты. Паводле крыніцаў «Белсату», адна з мадэрнізаваных фермаў, падшэфная канцэрну «Белнафтахім», малако з сабекоштам Br 70 капеек за літр здае на малочны завод за Br 40 – амаль удвая ніжэй.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота – Прэсавая служба прэзідэнта РФ

Стужка навінаў