Вынікі масаванай паветранай атакі на Украіну: загінулі мінімум 20 чалавек


Украіна перажыла адну з найбольш жахлівых паветраных атак за ўвесь час вайны. Уначы і зранку 29 снежня Расея абстрэльвала ўкраінскія гарады ракетамі розных тыпаў і дронамі-камікадзэ.

Расейская ракета трапіла ў гандлёвы цэнтр у Дняпры.
Фота: ДСНС України / Facebook

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што былі запушчаныя прыблізна 110 ракетаў. Галоўнакамандуючы ЗСУ Валерый Залужны паведаміў, што сілы паветранай абароны знішчылі 87 крылатых ракетаў і 27 ударных дронаў. Камандуючы Паветранымі сіламі ЗСУ Мікола Алэшчук удакладняе, што агулам былі знішчаныя 114 са 158 паветраных цэляў. Спікер Паветраных сілаў Юрый Ігнат адзначыў: «Столькі цэляў адначасова на нашым маніторы мы яшчэ не бачылі».

Гэта была камбінаваная атака, якая пачалася ўначы і завершылася раніцаю. Выкарыстоўваліся розныя тыпы ракетаў і з розных кірункаў. Пад ударам апынуліся жылыя дамы і навучальныя ўстановы, радзільня, гандлёвы цэнтр, складскія памяшканні і паркоўкі.

Найбольш ахвяраў у Дняпры: 5 загінулых і больш за 20 параненых. Тут удар прыйшоўся па радзільні і ГЦ. Пазней мясцовыя ўлады паведамілі, што колькасць ахвяраў вырасла да 6 чалавек, а параненых – да 28. Сярод іх – паўтарагадовае дзіця.

У Кіеве тры чалавекі загінулі, 24 атрымалі раненні. Людзі застаюцца пад заваламі.

У Львове загінуў адзін чалавек, параненыя 15. У Адэскай вобласці трое загінулых і 22 параненых. У Харкаве трое загінулі, 11 атрымалі раненні. У Запарожжы чацвёра загінулых і 12 параненых.

«Мы абавязкова адкажам тэрарыстам на іхныя ўдары, – паабяцаў Зяленскі. – І мы будзем змагацца, каб гарантаваць бяспеку сваёй краіне, кожнаму гораду, усяму нашаму народу. Расейскі тэрор мусіць прайграць – і менавіта так і будзе».

Абноўлена
Расейскія ракеты трапілі ў радзільны дом і ў ГЦ у Дняпры, у жылыя дамы ў Кіеве і Львове
2023.12.29 10:47

Глеб Нержын belsat.eu

 

Стужка навінаў