Ці прымусіць Кітай расейцаў спыніць вайну? Інтэрв’ю з Вадзімам Дэнысэнкам


Кітаю важна, каб Украіна засталася незалежнай дзяржавай. Вельмі важна, каб Расея не захапіла Украіну, бо гэта ўзмацняе Расею. Так лічыць Вадзім Дэнысэнка, аўтар даследавання «Кітай – Расея. Ці прымусіць Кітай расейцаў спыніць вайну?». Якія мэты ставіць расейскае кіраўніцтва ў вайне супраць Украіны? Адказы на гэтыя пытанні – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з  украінскім аналітыкам. Размову запісалі ў Кіеве, адразу пасля прэзентацыі аналізу.

Сяргей Пеляса: Вашая справаздача датычыць аналізу таго, ці зможа Кітай спыніць Расею ў вайне супраць Украіны. Увогуле, за што ваюе Расея?

Вадзім Дэнысэнка: Гэтае пытанне, з аднаго боку, вельмі простае. З іншага боку, вельмі складанае. Калі моцна спрасціць і сказаць, за што ваюе Расея, – яна ваюе за капрызы Уладзіміра Пуціна. Калі казаць пашырана, то Расея чапляецца за імперыю, чапляецца за тое, каб застацца адным з сусветных полюсаў. Да пачатку вайны 2022 года так ці інакш любыя сур’ёзныя геапалітычныя дзеі ў свеце калі не ўзгадняліся з Масквой, дык Маскве паведамляліся. Пасля 2022 года і таго, як Расея загразла ў вайне, стала зразумела, што Расея ўжо не ёсць тым полюсам, з якім будуць мець зносіны і, тым больш, на які будзе сурʼёзна зважаць Кітай, выкарыстоўваючы Злучаныя Штаты Амерыкі. Навошта Пуцін пачаў вайну ў лютым 2022 года? Каб сапраўды ўмацаваць за сабой статус не проста бензакалонкі з ядравай зброяй, а стаць тым полюсам, што можа рухаць межы, можа вырашаць пытанні не толькі дзесьці ў Афрыцы, але і на еўрапейскім кантыненце. Цяпер ён змагаецца за тое, каб застацца прынамсі тым, з кім будуць размаўляць і каго будуць уважаць за таго, з кім трэба размаўляць.

Ці слушна зрабіць выснову, што атрымаўся адваротны эфект? Замест таго, каб узмацніць сваю пазіцыю і месца сярод трох галоўных гульцоў глабальнай арэны, яны нават пагоршылі ўласны стан у выніку вайны.

Яны рэзка пагоршылі сваю пазіцыю. І Злучаныя Штаты Амерыкі, і Кітай выразна разумеюць: калі такая велізарная краіна не можа нічога паказаць у канвенцыйнай вайне – гэта сведчыць толькі пра тое, што краіна не можа быць адным з найважнейшых полюсаў ва ўладкаванні ўсіх міжнародных праблемаў.

Вы ў справаздачы прапанавалі такую тэрміналогію для замежнай палітыкі ЗША: ЗША – гэта лідар прагрэсу. Гэта ўжо не глабальны паліцыянт, не тыя ЗША, што мы ведалі апошнімі дзесяцігоддзямі. Што гэта значыць? І гэтая навіна добрая ці дрэнная для нашага рэгіёну, у першую чаргу для Украіны?

Трэба пачаць з таго, што дзевяностыя і нулявыя гады, калі быў фактычна аднапалярны свет, незваротна адышлі. Сёння Злучаныя Штаты не могуць быць эканамічным адзіным лідарам у свеце, які можа сабе дазволіць практычна ўсё. Сёння Злучаныя Штаты Амерыкі не могуць сабе дазволіць выконваць функцыі паліцыянта ў цэлым шэрагу рэгіёнаў. Яны аддаюць гэтыя функцыі іншым краінам. Якую ролю яны для сябе бачаць? Яны бачаць сябе тэхналагічным лідарам у свеце, лідарам тэхналагічнага прагрэсу. Яны застаюцца краінай, што апярэджвае Кітай і шэраг іншых краінаў на некалькі гадоў у цэлым шэрагу галінаў эканомікі і навукі. Добра гэта ці кепска для нас – складана адказаць на гэтае пытанне. Калі мы станем часткаю гэтага вялікага прагрэсу, гэта будзе пазітывам для нас. Калі мы будзем не проста перыферыяй, а перыферыяй са спазненнем на два-тры гады – гэта, вядома, вельмі кепская сітуацыя. Тут трэба змагацца за тое, каб быць залучанымі ва ўсе гэтыя тэхналагічныя працэсы перыферыі.

Вайна прывяла да таго, што Расея – васал Кітаю. Мы часта чуем гэтую пашыраную думку. Ці не занадта далёкія і аптымістычныя тыя каментатары, якія кажуць пра Расею як пра васала Кітаю ўжо цяпер? Да якой высновы вы прыйшлі ў часе працы?

Што Расея ўжо васал Кітаю – няпраўда. І гэта дакладна не адпавядае рэчаіснасці. Так, у цэлым шэрагу галінаў эканомікі Расея крытычна залежная ад Кітайскай Народнай Рэспублікі. Найперш гэта пастаўкі нафты, энергарэсурсы, золата (50 % усяго экспарту Расеі – гэта Кітай), гэта драўніна (больш за 60 % экспарту Расеі – Кітай). Гэта, безумоўна, машынабудаванне і спецтэхніка – гэта не толькі каткі, не толькі дарожная тэхніка, а ўся тэхніка, што працуе на прамысловасці Расейскай Федэрацыі. Гэта больш за 30 % паркаў усёй спецтэхнікі. Мы можам дакладна казаць, што Кітай вельмі шчыльна заходзіць у банкаўскую сферу. Ён не купляе банкаў, ён не ўваходзіць у банкаўскі капітал. Ён заходзіць юанем, і на цяперашні момант юань робіцца галоўнай разліковай валютай Расейскай Федэрацыі для ўсяго экспарту і ўсіх экспартна-імпартных аперацыяў. Што не менш важна, аплатная сістэма Кітаю расце ў арыфметычнай прагрэсіі, выкарыстоўваецца расейскімі банкамі ўсё больш і больш.

Мы можам казаць, што Кітай – надзвычай важны эканамічны партнёр для Расейскай Федэрацыі. У цэлым шэрагу галінаў Расея проста не зможа пражыць, калі Кітай заўтра надумае закрыць мяжу і адмовіцца працаваць. Хоць гэтага не будзе, на жаль, але сцвярджэнне, што сёння Расея ўжо ператварылася ў васала, будзе непраўдзівае і вельмі заўчаснае.

Мы дакладна можам казаць, што ў цэлым шэрагу важных для Расеі галінаў ад 6 да 24 месяцаў трэба Кітаю для таго, каб Расея мусіла і далей супрацоўнічаць з Кітаем (бо гэта новыя тэхналогіі, інвестыцыі, крэдыты) і мець крытычную залежнасць ад Кітаю ў найбліжэйшыя некалькі гадоў. Але гэта пытанне часу, і для гэтага трэба прайсці яшчэ да двух гадоў мінімум, у залежнасці ад галіны.

Часам ствараецца такое ўражанне, што Расея ледзь не ўзгадняе кожны свой сурʼёзны крок на міжнароднай арэне з Кітаем. Ледзь не скацілася да ўзроўню КНДР. Ці так гэта, ці ёсць нейкія пункты, дзе паміж Кітаем і Расеяй ёсць спрэчкі і нязгода ў міжнароднай палітыцы? Вы ў сваёй справаздачы кажаце пра пункты напружанасці паміж імі.

Безумоўна, выказванні, нібыта Кітай цалкам дыктуе, што мусіць рабіць Расея, будуць няпраўдаю. На жаль, гэтага няма. Калі мы паглядзім на мапу свету, то самы відавочны пункт напружанасці ў геапалітычных стратэгіях Кітаю і Расеі – гэта Ізраіль. Расеі вельмі выгадна было б, каб вайна ў Ізраілі была не лакальнаю вайною, а глабальнаю вайною ўсяго Блізкага Усходу. Кітаю гэта дакладна зусім не трэба. Другі пункт напружанасці – гэта, безумоўна, Афрыка. Апошняя заява Расеі пра тое, што яны пабудуюць атамную энергетычную станцыю ў Буркіна-Фасо, якая цалкам можа змяніць наогул структуру эканомікі гэтай часткі афрыканскага кантыненту, цалкам ідзе ўразрэз з кітайскімі пажаданнямі або кітайскай стратэгіяй у гэтай частцы афрыканскага кантыненту. Такіх пунктаў болей. Таму казаць, што Расея цалкам скача пад дудку Кітаю – не, гэта няпраўда. Ці ўзгадняюць пэўныя рэчы з Кітаем? Відавочна, усё ж – так. Ці можа Расея абысціся без кансультацыяў у цэлым шэрагу пытанняў з Кітаем? Не, не можа, у тым ліку, напэўна, наконт паставак узбраення з Карэйскай Народнай Дэмакратычнай Рэспублікі. Тым не менш, пакуль яшчэ гэта дакладна не зносіны васал – сюзерэн.

ВІДЭА
Хто і як можа зацікавіць Лукашэнку ў вызваленні палітычных зняволеных?
2023.12.11 17:07

Калі дзесяць гадоў таму Кітай абвесціў свой новы глабальны праект «Адзін пояс – адзін шлях», тады ў першыя гады на мапах гэта выглядала так, што Украіна, Беларусь і Расея будуць аднымі з ключавых транспартных лагістычных калідораў для Кітаю ў гандлі з Заходняй Еўропай або з Еўразвязам. Я памятаю гэтыя мапы, дзе марскі шлях ляжаў праз Чорнае мора, затым праз Украіну ў бок Беларусі, праз Беларусь на захад і гэтак далей. Пасля таго, як Расея пачала вайну супраць Украіны, якую ролю Кітай адводзіць Украіне? Як наогул кітайцы бачаць Украіну? Якая Украіна патрэбная Кітаю?

Пачатак вайны Расеі супраць Украіны падсцёбнуў Кітай да таго, каб пачаць актыўней працаваць дзеля паралельнага сухапутнага калідору, які будзе незалежны ад Расейскай Федэрацыі. Гэта так званы Транскаспійскі калідор. Гэтай залежнасці ад Расеі Кітай хоча пазбыцца. Ён цяпер інвестуе грошы ў тое, каб пазбыцца гэтай залежнасці. Калі казаць пра тое, якой хоча бачыць Украіну Кітай, то ён дакладна хоча бачыць яе на мапе свету, і дакладна на гэтай мапе Украіна мае выхад да мора. Бо Украіна ў любым выпадку застаецца яшчэ адным тэарэтычна магчымым пунктам уваходжання ў Еўразвяз для кітайскіх тавараў і для кітайскіх транспартных шляхоў. Таму Кітаю важна, каб Украіна засталася незалежнай краінай. Вельмі важна, каб Расея не захапіла Украіну, бо гэта ўзмацняе Расею, а Кітаю патрэбная вельмі аслабленая Расея з больш-менш зразумелым Кітаю кіраўніцтвам. У гэтыя планы, безумоўна, не ўваходзіць анексія Украіны і асабліва анексія той часткі Украіны, што мае просты выхад да Чорнага мора.

Агляд
Лукашэнка выканаў «хатнюю працу», каб стаць васалам Кітаю? Што стаіць за яго візітам у КНР
2023.12.04 18:46

Вашую прэзентацыю назвалі «Ці можа Кітай спыніць вайну?». Ці ёсць адназначны адказ на гэтае пытанне?

Адназначна можам сказаць, што ў найбліжэйшыя паўгода Кітай наўрад ці будзе актыўна працаваць у гэтым кірунку. Кітаю пакуль што на гэтым этапе больш важнае паслабленне Расейскай Федэрацыі і павелічэнне залежнасці Расеі ад кітайскай эканомікі.

Інструменты ціску на Расею Кітай мае. Ён мог бы іх скарыстаць.

Мы гаворым пра вельмі тэарэтычныя пытанні. Калі Расея экспартуе 50 % сваёй нафты ў Кітай, то гэта, безумоўна, не проста інструмент. Гэта больш за чвэрць усяго бюджэту Расейскай Федэрацыі. Спыненне з нейкіх прычынаў экспарту нафты ў Кітай на ўмоўныя два месяцы можа зрабіць калапс у вялікай частцы расейскай эканомікі. Ці будзе тое рабіць Кітай? Думаю, што не. Пакуль мы гаворым пра больш тэарэтычныя моманты і хутчэй пра маральна-псіхалагічны ціск, чым пра рэальны.

Інтэрв’ю з праграмы «ПраСвет» 22.12.2023

ПраСвет
Лукашэнку пагражае міжнародны трыбунал паводле дзвюх справаў. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою
2023.12.22 17:08

belsat.eu

Стужка навінаў