У Менску 72-гадовую доктарку затрымалі за вопратку «няправільных колераў»


72-гадовую доктарку Святлану Яцкову (яна анколаг-мамолаг) затрымалі 25 сакавіка каля менскага кінатэатру «Кастрычнік» і аштрафавалі на 130 базавых велічыняў за несанкцыянаванае пікетаванне. Пра абставіны свайго затрымання жанчына распавяла belsat.eu.

Увечары 25 сакавіка Святлана Яцкова вярталася з працы ў той момант, калі ў цэнтры Менску адбываліся незаконныя затрыманні.

«Прыблізна каля 17:30 я была ля «Кастрычніка», ішла дадому. Каля кінатэатру стаялі сілавікі, вялікая колькасць аўтазакаў. Побач з пешаходным пераходам мяне спыніў міліцыянт і спытаў: «Ты чаго так убралася?» Між іншым, мне 72 гады!» – абураецца хамству сілавіка жанчына.

Як кажа спадарыня Яцкова, на ёй была шэрая куртка, чырвоныя штаны і белы капюшон. Сілавік запатрабаваў паказаць дакументы, але жанчына з сабою пашпарта не мела. Таму яе затрымалі нібыта для высвятлення асобы.

«Мяне пасадзілі ў аўтазак, там я прасядзела хвілінаў 20–30. Потым пад’ехала легкавая машына, мяне туды перасадзілі і павезлі ў Савецкі РУУС. Там мне сказалі, што я была затрыманая за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце і на мне нібыта была незаконная сімволіка, нейкая бел-чырвона-белая стужка. Але ніякай сімволікі ў мяне не было».

Паводле спадарыні Яцковай, у РУУС яе прывезлі каля 18:00, а выпусцілі адтуль толькі каля першай гадзіны ўначы.

«Спачатку казалі, што будуць трымаць усю ноч. Але ў мяне павысіўся ціск, мне стала кепска. Я нічога не казала, але дзяжурны сам звярнуў увагу на мой стан, пачаў кудысьці тэлефанаваць, высвятлялі, выклікаць хуткую ці проста адпусціць. У выніку вырашылі адпусціць»

На заўтра, 26 сакавіка, адбыўся суд: доктарку прызналі вінаватай паводле ч. 3 арт. 24.23 КаАП і пакаралі штрафам 130 базавых велічыняў (3770 рублёў). Рашэнне вынесла суддзя Марына Фёдарава. Сведка-міліцыянт выступаў у судзе дыстанцыйна, праз «Skype». Ягонага твару пабачыць не было магчымасці.

Жанчына збіраецца абскарджваць судовае рашэнне.

Святлана Яцкова – анколаг-мамолаг, у яе 46 гадоў медычнага стажу. Яе не ўпершыню затрымліваюць: летась доктарку аштрафавалі на 20 базавых велічыняў за ўдзел ў шэсці пенсіянераў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў