Чаму з Беларусі не сыходзяць інвестары? Галоўчанка: заслуга ўраду. Кныровіч: іх няшмат і было


З Беларусі сышло параўнальна няшмат замежных інвестараў. Пасля выбараў-2020, пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне і заходніх санкцыяў з Беларусі зніклі крамы адзення «H&M», а рэстарацыі «McDonald’s» змянілі назву. Але фіны вырашылі не прадаваць «Лідскае піва», з Беларусі не з’ехалі швейцарцы «Stadler». Ці па справе хваліцца прэм’ер, калі кажа, што з Беларусі сышло няшмат інвестараў? 

Раман Галоўчанка
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. Санкт-Пецярбург, Расея. 29 сакавіка 2022 года.
Фота: БелТА / Minprom.gov.by

Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка выступіў 22 кастрычніка на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь-1». Сярод іншага ён пахваліўся тым, што амаль усе інвестары з «недружалюбных краінаў» працягваюць працу ў Беларусі. Ён растлумачыў гэта тым, што Беларусь ужо мела досвед функцыянавання эканомікі ва ўмовах санкцыяў, а Аляксандр Лукашэнка даў ураду дадатковыя паўнамоцтвы.

Урад сярод іншага ўвёў асаблівы парадак продажы акцыяў для інвестараў са спісу краінаў, якія сам урад лічыць «непрыязнымі». Галоўчанка адзначыў, што гэта развіццё расейскіх ідэяў, і дадаў, што калі замежная кампанія парушае «свае абавязкі», то «за гэта павінна існаваць пэўная дадатковая плата, так яе назавем».

Галоўчанка заявіў, што не згадае выпадкаў, каб хтосьці кінуў бізнес у Беларусі і сышоў праз санкцыі, але прынятыя «пэўныя рашэнні», якія былі «ўзаемавыгадныя». Ён адзначыў, што з Беларусі сышлі толькі «адзінкі» замежных кампаніяў, тады як з Расеі сыходзяць шматлікія.

Было б каму сыходзіць

Прадпрымальнік, блогер і вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч разважае: прэм’ер з тым жа поспехам мог пахваліцца тым, што свеціць сонца, бо дасягненняў ураду ў «несыходзе» замежных інвестараў няма.

«У Беларусі і не было шмат заходніх кампаніяў, – заўважае ён. – Беларусь ніколі не была добрым і перспектыўным рынкам для буйных кампаніяў. Мала было і мала сышло».

На самой справе, урад уводзіў забарону без адмысловага дазволу прадаваць уласнасць больш як дзвюм з паловай тысячам фізічных і юрыдычных асобаў з «недружалюбных краінаў». Таксама стала можна адбіраць маёмасць з прычыны неакрэсленых «недружалюбных дзеянняў». Выйшла, што з Беларусі ў 2023 годзе найчасцей сыходзілі расейскія кампаніі.

Гэтыя захады ўраду і трымаюць інвестараў? Кныровіч кажа, што і гэта, канешне, уплывае. З-пад забароны выводзяць адзінкі кампаніяў, пад яе ўводзяць дзясяткі. Каб сысці, трэба прыкласці неардынарныя намаганні, вывесці грошы іншым чынам і прадаць маёмасць таемнымі шляхамі – гэта магчыма для малых кампаніяў, але не для буйных кшталту «Лідскага піва», што належыць фінскай «Olvi».

Да таго ж, указ Лукашэнкі, апублікаваны 21 кастрычніка, абавязвае замежнага інвестара заплаціць у дзяржаўны бюджэт 25 % ад рынкавага кошту маёмасці, дазвол на продаж якой інвестар хоча атрымаць. Кныровіч кажа, гэта не наўпроставае ўздзеянне на інвестараў і на ранейшы «несыход» інвестараў не ўплывае. Хутчэй гэта «добрая рэклама Беларусі на ўсіх рынках наконт таго, што не трэба сюды нічога ўкладваць». Маўляў, не сёння, дык заўтра на інвестара раптам могуць накласці новыя забароны.

Каментар
Лукашэнка зноў насварыўся на ўрад. Навошта – каб здымаць прэм’ера? Разважае Дракахруст
2023.10.20 20:56

Валянцін Васіленка, Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў