Ва Украіне пачынаецца мабілізацыя рэзервістаў


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі абвесціў прызыў рэзервістаў Узброеных сілаў, паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на зварот Зяленскага. Таксама ў бліжэйшы час будуць праведзеныя зборы рэзервістаў тэрытарыяльнай абароны.

Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што прызыў рэзервістаў – гэта не ўсеагульная мабілізацыя, патрэбы ў якой на сённяшні дзень ён не бачыць.

«Нам неабходна аператыўна дакамплектаваць украінскую армію і іншыя вайсковыя фармаванні. Мной як вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі сіламі Украіны выдадзены ўказ аб прызыве рэзервістаў у асаблівы перыяд. Падкрэсліваю, гаворка ідзе выключна пра грамадзянаў, аднесеных да аператыўнага рэзерву», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Аб’ектыў
Расейскія вайскоўцы афіцыйна ўварваліся на тэрыторыю Украіны
2022.02.22 22:31

Прэзідэнт Украіны таксама зазначыў, што рэзервісты павінны падвысіць гатоўнасць украінскай арміі да ўсіх магчымых змяненняў. Таксама ў бліжэйшы час будуць праведзеныя зборы рэзервістаў сістэмы тэрытарыяльнай абароны.

Раней Зяленскі зазначаў, што Украіна пяройдзе на ваенны стан толькі ў выпадку шырокамаштабнай вайны з Расеяй.

21 лютага Уладзімір Пуцін прызнаў незалежнасць ДНР і ЛНР, якія ўтварыліся ў 2014 годзе на тэрыторыі Украіны ў ходзе ўзброенага канфлікту і абвесцілі сябе рэспублікамі. Украіна не прызнае ДНР і ЛНР і разглядае іх як тэрарыстычныя і сепаратысцкія ўтварэнні, арганізаваныя і ўзброеныя Расеяй.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў