На Мазырскім НПЗ загарэлася новая сістэма падчас пусканаладжвальных працаў


На Мазырскім НПЗ у ноч на 23 студзеня зноў адбыўся пажар, а менавіта факельнае гарэнне сістэмы гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў, удакладняюць у МНС. Сістэма яшчэ не была ўведзеная ў эксплуатацыю і трывае стадыю пусканаладжвальных працаў.

Мазырскі НПЗ, нафта, Мазыр
Фота: mnpz.by

Як паведамляюць у МНС, 23 студзеня а 3:32 паступіла паведамленне пра выхад вадародазмяшчальнага газу і дызельнай фракцыі з наступным факельным гарэннем на секцыі-200 сістэмы. Пажар ужо ліквідаваны, ніхто не пацярпеў, тэхналагічны працэс не быў парушаны. Работнікі МНС ахалоджвалі тэхналагічныя канструкцыі з мэтай іх аховы.

Нагадаем, што мінулым тыднем, увечары 19 студзеня, на Мазырскім НПЗ таксама адбыўся пажар. Гэта другі пажар на комплексе, яшчэ не ўведзеным у эксплуатацыю. Першы пажар на заводзе адбыўся летась таксама ў студзені, тады казалі, што нібыта праводзяцца пусканаладжвальныя працы.

Мінулым разам у МНС паведамлялі, што пажар здарыўся праз разгерметызацыю фільтру камбінаванай сістэмы гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў. У выніку адбыўся выхад гідрагенізату.

Праект будаўніцтва комплексу гідракрэкінгу цяжкіх нафтавых рэшткаў ужо некалькі разоў спрабавалі скончыць, але шторазу пераносілі тэрміны. Увесці ў эксплуатацыя комплекс да гэтага часу не атрымалася.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў