Беларусы ў Польшчы за пяць месяцаў учынілі 277 злачынстваў. Гэта шмат ці мала?


Польскае выданне «Rzeczpospolita» расказала пра статыстыку злачынстваў замежнікаў у Польшчы за студзень – травень 2023 года і пра колькасць выдварэнняў з краіны. Згодна з гэтай статыстыкай, беларусы ўчыняюць менш злачынстваў на душу насельніцтва, чым грузіны, але больш, чым украінцы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: vpk.gov.by

Агулам за першыя пяць месяцаў 2023 года ў Польшчы зафіксавалі 4695 злачынстваў, якія ўчынілі замежнікі. З іх 277 здзейснілі грамадзяне Беларусі, якіх у Польшчы, паводле афіцыйных звестак, з дазволам на побыт 88 тысячаў.

Палова злачынстваў замежнікаў у Польшчы прыпадае на грамадзянаў Украіны. Але з папраўкай на колькасць украінцаў у Польшчы (а толькі з дазволам на побыт іх 1,5 мільёна) выходзіць, што на ўкраінцаў прыпадае ўдвая менш злачынстваў на душу насельніцтва, чым на беларусаў.

Значна горшая сітуацыя з грамадзянамі Грузіі: на іх прыпадае 901 злачынства, а жывуць у Польшчы з дазволам на побыт толькі 23 тысячы грузінаў. На душу насельніцтва ў грузінаў у 12 разоў больш злачынстваў, чым у беларусаў.

Грузінскія банды, як піша «Rzeczpospolita» са спасылкай на паліцыю, спецыялізуюцца на крадзяжах з узломам, рабаваннях і нападах на пункты абмену валютаў. У Варшаве бандыты з Грузіі «праславіліся» нападамі на людзей, якія атрымлівалі грошы з банкаматаў ці абменнікаў: яны сочаць за такімі людзьмі, прапорваюць колы ў іхных аўтах і чакаюць, калі кіроўца спыніцца, каб напасці і забраць грошы.

Паводле колькасці выдварэнняў з Польшчы грамадзяне Грузіі на першым месцы: ім выпісалі 729 загадаў аб выездзе з краіны за першае паўгоддзе. Следам за імі грамадзяне Малдовы і Беларусі: і першым, і другім выпісалі каля 360 загадаў. Найчасцейшая падстава – нелегальны побыт на тэрыторыі Польшчы, у тым ліку сканчэнне тэрміну побыту або прыезд паводле працоўнай візы і адсутнасць працы.

Адметна, што ў рэйтынгах, звязаных з крыміналам, Грузія выглядае больш спакойнай за Беларусь. Гэтак, у рэйтынгу арганізаванай злачыннасці за 2019 год Беларусь займае 83-е месца, а Грузія – 177-е (1-е месца – найбольш злачынстваў), а наўмысных забойстваў на душу насельніцтва ў Грузіі крыху менш, чым у Беларусі: 2,22 супраць 2,39 забойства на 100 тысяч чалавек у 2019 годзе.

Hавiны
Па ўсёй Беларусі будуць створаныя пакоі для допытаў, «прыязныя да дзяцей»
2023.08.19 11:46

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў