МЗС Беларусі адрэагавала на прызнанне Расеяй «ЛНР» і «ДНР»


Міністэрства замежных справаў Беларусі адрэагавала на прызнанне Расеяй незалежнасці так званых ЛНР і ДНР. Вонкавапалітычнае ведамства нашай краіны лічыць, што такі крок Крамля «мае не толькі палітычнае, але і сур’ёзнае чалавечае, гуманітарнае вымярэнне».

Здание Министерства иностранных дел в Минске
Будынак Міністэрства замежных справаў. Менск, Беларусь. 25 кастрычніка 2021 года.
Фота: Белсат

МЗС Беларусі ў заяве, якая датычыць прызнання Расеяй так званых ЛНР і ДНР, наўпрост не прызнае гэтых утварэнняў, але чамусьці вінаваціць краіны Захаду ў знішчэнні сістэмы бяспекі ў Еўропе. Ведамства абвінавачвае Вялікаю Брытанію і ЗША ў тым, што гэтыя краіны растапталі гарантыі адносна Беларусі, прапісаныя ў Будапэшцкім мемарандуме.

«У такой сітуацыі мы з павагай і разуменнем успрымаем рашэнне расейскага боку аб прызнанні незалежнасці Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Гэты крок Расеі мае не толькі палітычнае, але і сурʼёзнае чалавечае, гуманітарнае вымярэнне, улічваючы колькасць расейскіх грамадзянаў, якія пражываюць на гэтых тэрыторыях і адчуваюць страты на працягу амаль васьмі гадоў», – гаворыцца ў заяве МЗС РБ.

МЗС нашай краіны вітае заявы расейскага боку аб адкрытасці да дыпламатыі ў гэтым кантэксце.

«Заклікаем усе бакі ўстрымацца ад ваеннай эскалацыі і любых іншых захадаў, якія закрываюць дарогу да міру. Нагадваем пра асаблівую адказнасць ЗША і Еўразвязу ў нагнятанні абстаноўкі ў нашым рэгіёне. Неабходна перастаць правакаваць гвалт, напампоўваць Украіну і краіны Балтыі войскамі і зброяй, уводзіць незаконныя санкцыі», – адзначаецца ў заяве МЗС.

«ЛНР» і «ДНР» прызналі Нікарагуа, Венесуэла і Расея. Лукашэнка раней абяцаў, што таксама прызнае гэтыя ўтварэнні пасля Расеі, але пакуль не спяшаецца зрабіць такі крок.

Фота
Расея ніяк не можа вызначыцца, у якіх межах прызнала «ЛНР» і «ДНР»
2022.02.22 14:14

СЛ belsat.eu

Стужка навінаў